Кіраўнік МУС Нямеччыны Томас дэ Мэзьер у інтэр’ю ZDF вызначыў як сур’ёзную праблему знаходжаньне на тэрыторыі Нямеччыны вялікай колькасьці імігрантаў, незарэгістраваных уладамі. Паводле ягоных ацэнак, іх можа быць нават 290 тыс.
— Гэта вельмі сур’ёзная праблема – сказаў дэ Мэзьер у інтэрв’ю для вечаровага выпуска навін ZDF – другой праграмы грамадзкага тэлебачаньня. Кіраўнік нямецкага МУС зазначыў, што “на працягу гадоў уцекачы былі ўдзячныя за тое, што могуць знаходзіцца ў нас”. – Самы пыталіся, дзе знаходзіцца паліцыя, дзе фэдэральнае ведамства, прасілі, каб ім выдзелілі месца (у цэнтры для ўцекачоў) – прыгадаў ён.
— З таго часу сітуацыя зьмянілася, — дадаў міністар. Кіраўнік нямецкага МУС патлумачыў, што многія ўцекачы хочуць самастойна вырашаць, куды іх накіроўваць. – Пакідаюць цэнтар, замаўляюць таксі; маюць, што дзіўна, грошы, каб праехаць некалькі сотняў кілёмэтраў. Страйкуюць, бо ім не падабаецца цэнтар і не да смаку ежа. Бяруць удзел у бойках, — выказаў крытыку кіраўнік ведамства ўнутраных справаў.
Дэ Мэзьер падкрэсьліў, што гэтым заганным чынам паводзіць сябе меншасьць уцекачоў. – Мы, аднак, павінны выразна заявіць, што ад асобаў, якія прыязджаюць у Нямеччыну, мы патрабуем культуры прыстасаваньня. Яны павінны пагадзіцца на месца, у якое мы іх накіроўваем, павінны падпарадкавацца адпаведнаму працэсу (разгляду заявы на прытулак) і павінны прызнаць наш прававы лад, — заявіў ён.
Міністар прызнаў, што цэнтры для ўцекачоў у Нямеччыне перапоўненыя. – Я пра гэта ведаю, але такая ёсьць сітуацыя і гэта не ўдаецца зьмяніць. Прашу цярплівасьці, — сказаў палітык Хрысьціянска-Дэмакратычнага Саюза. Ён запэўніў, што ўлады ўсіх узроўняў прыкладаюць намаганьні, каб умовы, у якіх знаходзяцца ўцекачы, былі як мага лепшымі.
З дадзеных Ведамства ў справах Міграцыі і Уцекачоў вынікае, што да 290 тыс. імігрантаў яшчэ не былі зарэгістраваны. Акрамя таго, 275 тыс. даўнейшых заяваў на прытулак чакаюць на разгляд, часам па некалькі гадоў. Міністар замежных справаў Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў 1 кастрычніка ў Нью Ёрку, што з пачатку года ў Нямеччыну прыехалі 600 тыс. уцекачоў. Ранейшы прагноз МУС паказваў колькасьць уцекачоў за ўвесь сёлетні год як больш за 800 тыс.
arb
Пераклаў з польскай В. Буйвал. Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 2.10.2015 http://www4.rp.pl/Uchodzcy/310029952-Niemiecki-minister-Uchodzcy-maja-pieniadze-i-strajkuja.html