Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін можа выкарыстаць згоду заканадаўцаў на накіраваньне ўзброеных сілаў у замежжы ня толькі ў Сірыі, — папярэдзіў у сераду сакратар украінскай рады бясьпекі Аляксандр Турчынаў.
“Дазвол прымалі за зачыненымі дзьвярмі, тэкст рашэньня не апублікавалі. Таму можна меркаваць, што тэкст не абмяжоўваецца сірыйскай тэрыторыяй. Небясьпека можа пагражаць любой краіне”, — заявіў Турчынаў, паводле агенцыі Інтэрфакс-Україна. Усё, на ягоную думку, сьведчыць аб тым, што “Расея не зьбіраецца скончыць зьнешнюю агрэсію і застаецца адной з галоўных ваенных і тэрарыстычных пагрозаў для сусьветнай супольнасьці”.
Украінскія прадстаўнікі абвінавачваюць Расею ў тым, што яна вядзе неабвешчаную вайну супраць Украіны і акупуе ўкраінскую тэрыторыю ў Крыме і Данбасе на ўсходзе краіны. Масква ўвесь час адмаўляе факт наўпроставага ўмяшальніцтва ва ўкраінскі канфлікт.
Турчынаў нагадаў, што летась 1 сакавіка расейскія сэнатары далі згоду на ўвядзеньне расейскіх войскаў на ўкраінскую тэрыторыю, аднак у сапраўднасьці “расейская агрэсія ў Крыме” распачалася ўноч на 27 лютага, калі супрацоўнікі расейскіх спэцчастак занялі рэгіянальны парлямант у Сімфэропалі. Такім чынам, рашэньне расейскага парляманта аб накіраваньні войскаў на самой справе “ня мае значэньня, а служыць толькі як палітычнае прыкрыцьцё ўжо зьдзейсьненых злачынстваў”.
І ў Сірыі, паводле ўкраінскага прадстаўніка, расейскія вайскоўцы і самалёты больш за месяц ваявалі на баку дыктатуры Асада, аж покуль у сераду Пуцін забясьпечыў ім палітычнае прыкрыцьцё ў Савеце фэдэрацыі. Савет фэдэрацыі, верхняя палата расейскага парляманту, адзінагалосна задаволіла просьбу прэзыдэнта ў справе накіраваньня расейскіх сілаў у Сірыю. Праз кароткі час расейскае міністэрства абароны пацьвердзіла факт першых налётаў на мэты ў Сірыі.
СTK Пераклаў з славацкай В. Буйвал. Крыніца: славацкая газэта “Pravda”, 30.09.2015 http://spravy.pravda.sk/svet/clanok/369269-turcynov-sa-obava-ze-putin-nasadi-ruske-sily-aj-mimo-syrie/