Саша Сотнік: Сірыя як дэтанатар распаду Расеі

11 октября 2015 г.

Навіны

Балазе, Асад “папрасіў ваеннай дапамогі” у Пуціна. Той фармальна зьвярнуўся да Савета Фэдэрацыі па “дазвол”, і атрымаў яго. Расея ўступае ў вайну “За Сірыю, за Асада”.

Гэтая вайна, па прыкладу Аўганістана, станецца дэтанатарам распаду нашай краіны. Але тут нельга праводзіць дакладную паралель з Аўганістанам. Тут усё значна горш.

З аднаго боку, ня кожны абывацель адразу пакажа, дзе знаходзіцца Сірыя на карце сьвету, а, з другога, — ці ня ўсё адно, зь якога рэгіёну бацькі атрымаюць цынкавую труну з парэшткамі сваіх дзяцей? Затое ваенныя дзеяньні можна не хаваць, як ва Украіне – тут сам “легітымны Асад папрасіў”, а мы, — спачувальныя такія – дапамаглі таварышу, што патрапіў у бяду. А яшчэ мы “абараняем сьвет ад ІДзІЛ” – бачыш, тэлеглядач, як усё высокародненька?

І тут сумніўныя выгоды на ўзроўні дыпламатычнай дэмагогіі канчаюцца, і пачынаецца суровая рэчаіснасьць.

Па-першае, мы назаўжды сварымся з Савудаўскай Аравіяй, а я б ня раіў сварыцца зь імі. Яны адпомсьцяць нізкімі коштамі на нафту. Тут і Іран з Іракам нічога ня зробяць. Улічваючы нашае і без таго незайздроснае эканамічнае становішча, такая свара пахавае ўсе спадзяваньні на тое, што калі-небудзь кошт на барэль выраўняецца і вернецца да былых значэньняў. Але, падобна, Пуцін ужо настолькі зьехаў з глузду, што думае ў парадыгме цяперашняга моманту. Ён падобны на вар’ята, які скача ня проста на граблях, а на граблях, разьмешчаных на мінным полі.

Па-другое, мы псуем адносіны з Ізраілем. А вось “сварыцца з габрэямі” я б нават нью-Гітлеру ня раіў бы. У іх даволі хутка ўзьнікне жаданьне сплесьці наваяўленаму фюрэру лапці. І яны сплятуць…

Па-трэцяе, Пуцін канчаткова зачыніць у сваім сарціры ўсе вокны. Зь ім перастануць размаўляць і ў Эўропе, і ў ЗША.

Выснова: наш вузкалобы чэкіст зразумеў, што прайграў і на трыбуне Генасамблеі, і на сустрэчы з Абамай. Ён пайшоў ва-банк. На што ён разьлічвае – незразумела. Але відавочна, што вайну ён прайграе. Асад – не хаўрусьнік, а жывы труп, які цягне са сабою ў магілу і Пуціна, а разам зь ім – і Расею. А ўступленьне ў гэтую вайну значна скарачае “перыяд паўраспаду Расеі”, надаючы гэтаму працэсу касьмічнае прысьпешваньне. Такім чынам, тэрытарыяльны распад РФ можна чакаць ужо на працягу года-паўтара.

Мне проста цікава: усіх гэтых “сэнатараў”, што задаволілі просьбу “правадыра” аб вядзеньні вайны ў Сірыі потым будуць судзіць? Альбо атрымаецца класічнае “няма краіны – няма пытаньняў”?

Саша Сотнік, Масква Пераклад з расейскай Крыніца: http://elise.com.ua/?p=156294