У сірыйскім крызісе Расеі прыпадае ключавая роля. Таму міністар гаспадаркі ФРГ Габрыэль хоча адмяніць санкцыі супраць Масквы. Важныя сябры па партыі сьпяшаюцца стаць на ягоны бок.
Зігмар Габрыэль зноў заклапочаны справай актывізацыі. У сувязі з важнай рольлю Расеі ў сірыйскім крызісе ён хоча пераасэнсаваць санкцыі супраць Масквы. Але дагэтуль ягонае памкненьне сустракае глухое непрыняцьце ў фэдэральным урадзе. Міністар канцлерскага ведамства Пэтэр Альтмаер (Хрысьціянска-Дэмакратычны Саюз) на прыканцы тыдня выказаў выразную адмову на прапанову аб зьмене курса – і пры гэтым намякнуў, што ён выказваецца за ўвесь кабінэт.
Кіраўніку Сацыялістычнай партыі Нямеччыны і міністру гаспадаркі йдзецца аб вялікім ўплыве Уладзіміра Пуціна на сірыйскага прэзыдэнта Башара аль-Асада: “Канфлікт вакол Украіны ня можа так моцна абцяжарваць адносіны Нямеччыны, Эўропы і Злучаных Штатаў з Расеяй, каб Расея выключалася б як партнёр у Сірыі”, — сказаў у пятніцу Габрыэль. І: Немагчыма працягваць санкцыі доўгі час, а з другога боку прасіць супрацоўніцтва. Адносіны да Расеі трэба будзе мяняць.
Вядучыя прадстаўнікі СПН з фэдэральных земляў бачаць гэта такім жа чынам і сьпяшаюцца стаць на бок свайго партыйнага кіраўніка. Перш за ўсё прэм’ер-міністар Мэкленбургіі-Пярэдняй Памэраніі Эрвін Зэлерынг. Ён сказаў газэце “Die Welt”: “Мы павінны як мага хутчэй адмяніць санкцыі на розных накірунках. Яны нікому не дапамаглі, а якраз нашкодзілі многім прадпрыемствам і працадаўцам у Нямеччыне”. Гэта тычыцца перш за ўсё прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасьці, але таксама і прадпрыемстваў іншых экспартных галінаў, зазначыў кіраўнік ураду з Швэрына.
Зэлерынг выказаў упэўненасьць, што Нямеччына і Расея маюць агульны інтэрас у тым, каб вярнуцца да шчыльнага супрацоўніцтва. “А канфлікты лепш за ўсё вырашаюцца ў перамовах”. Нягледзячы на крытычныя галасы ён арганізаваў летась у сваёй фэдэральнай зямлі “Дзень Расеі”, каб наблізіць прадпрыемствы з Расеі і Мэкленбургіі-Пярэдняй Памэрыніі. Паўтор мерапрыемства ў гэтым фармаце запланаваны на 2016 г., паведамілі з дзяржадміністрацыі ў Швэрыне.
Прэм’ер-міністар абгрунтаваў сваю ініцыятыву таксама тым, што заканчэньне санкцый будзе карысным у сувязі з магутным наплывам уцекачоў у Нямеччыну. Паводле Зэлерынга, фэдэральны міністар гаспадаркі Габрыэль мае “абсалютную рацыю”: “Вялікія крызісы можна вырашаць толькі тады, калі мы прыцягваем Расею як партнёра”.
Уціраньне ў давер агрэсару?
Падобна, як Зэлерынг, выказаўся таксама міністар фінансаў і гаспадаркі Бадэна-Вюртэнбэргіі Нільс Шмід (СПН). “Мы павінны мець вялікую зацікаўленасьць у лепшых адносінах з Расеяй. І, зразумела, у пэрспэктыве санкцыі не пасуюць да шчыльнага супрацоўніцтва”, — сказаў Шмід газэце “Die Welt”: “Таму пакрокавая адмена санкцый не павінна быць табу”. Прадпасылкай для гэтага было б “зразумела, выкананьне мінскіх пагадненьняў па Украіне”, дадаў палітык СПН.
Апазыцыя пачала моцна супраціўляцца і папярэджваць аб небясьпецы “уціраньня ў давер” Маскве. “Мне ад такіх прапановаў робіцца млосна”, — сказаў газэце “Die Welt” Амід Нурыпур, прадстаўнік па пытаньнях замежнай палітыкі фракцыі Зялёных у Бундэстагу. Гэта было б “афронтам на адрас украінцаў” выступаць за адмену або зьмякчэньне санкцый “толькі з тае прычыны, што з Сірыі цяпер прыбывае столькі ўцекачоў”. Ён дадаў: “Для ўцекачоў з Сірыі нічога ня зьменіцца, калі мы зараз пачнем уцірацца ў давер да расейцаў”.
Карстэн Камгольц, Даніэль Фрыдрых Штурм Пераклаў з нямецкай В. Буйвал. Крыніца: нямецкая газэта “Die Welt”, 28.09.2015 http://www.welt.de/politik/deutschland/article146952409/SPD-Politiker-wollen-Sanktionen-gegen-Putin-beenden.html