Паўстанцы прайшлі падрыхтоўку ў лягеры на тэрыторыі Турцыі пад кіраўніцтвам амэрыканскіх, брытанскіх і турэцкіх інструктараў.
75 сірыйскіх паўстанцаў, падрыхтаваных Злучанымі Штатамі для змаганьня з самаабвешчанай Ісламскай Дзяржавай, на прыканцы тыдня перайшлі ў Сірыю, паводле інфармацыі Сірыйскага Цэнтру Назіраньня па Правах Чалавека, як паведамляе AFP.
Ваяры так званай 30-й Дывізіі перакрочылі сірыйскую мяжу з Турцыяй і ўвайшлі на памежны пункт Баб аль Салама на 12 спэцмашынах для цяжкой мясцовасьці, узброеных кулямётамі.
Чатыры дні таму камандуючы паўночнаамэрыканскімі сіламі на Сярэднім Усходзе генэрал Лойд Осцін сказаў, што дагэтуль усяго “чатыры-пяць” жаўнераў, падрыхтаваных Злучанымі Штатамі, ваююць у Сірыі.
Прэзыдэнт Цэнтру Назіраньня па Правах Чалавека Рамі Абдэльрахман заявіў агенцыі EFE, што другая група паўстанцаў з Арміі Вольнай Сірыі ўноч з пятніцы на суботу прыбыла ў краіну і разьмясьцілася на поўначы правінцыі Алепа.
Паўстанцы праходзілі падрыхтоўку ў лягеры ў Турцыі пад кіраўніцтвам амэрыканскіх, брытанскіх і турэцкіх інструктараў.
Першая група з 54 сірыйскіх паўстанцаў, падрыхтаваных Злучанымі Штатамі, уступіла ў бой у Сірыі на прыканцы ліпеня з адной мэтай – змагацца з Ісламскай Дзяржавай, але была заатакавана войскамі Фронту аль Нусры, філіяла Аль Каэды.
У выніку гэтай атакі шэраг паўстанцаў былі паранены, а бальшыня астатніх пакінула дывізію, якая прайшла падрыхтоўку ў Турцыі.
Вашынгтон заявіў, што каля 5000 сірыйскіх паўстанцаў пройдуць амэрыканскую падрыхтоўку, хаця і прызнаў, што гэта ёсьць справа няблізкага часу.
Паўночнаамэрыканскі Кангрэс прыняў рашэньне аб выдзяленьні 500 мільёнаў даляраў на падрыхтоўку сірыйскіх паўстанцаў, а на гэты момант на гэта выдзелены каля 200.
Lusa
Пераклаў з партугальскай В. Буйвал. Крыніца: партугальская газэта “Diario de Noticias”, 21.09.2015 http://www.dn.pt/inicio/globo/interior.aspx?content_id=4788237&page=1