Расейская база ў Беларусі

24 сентября 2015 г.

Навіны

Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін загадаў падрыхтаваць і падпісаць дамову аб будаўніцтве расейскай ваенна-паветранай базы ў суседняй Беларусі. Пра гэта паінфармавала агенцыя АР, якая зазначыла, што Беларусь дала зразумець, што не вітае расейскую базу на сваёй тэрыторыі.

Беларускі прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка ініцыятыву Пуціна пакуль што не камэнтаваў. Абодва прзыдэнты сустрэліся ў мінулую пятніцу на чарнаморскім курорце Сочы. АР нагадала, што Беларусь надалей залежыць ад Масквы фінансава і энэргетычна.

У суботу Пуцін загадаў падпісаць дамову аб пабудове расейскай авіябазы ў Беларусі і загадаў міністэрству абароны, каб пра базу распачаліся перамовы з удзелам экспэртаў расейскай дыпламатыі. Рашэньне аб гэтым было сёньня апублікавана на інфармацыйным партале расейскага ўраду.

Расея мае на тэрыторыі Беларусі дзьве базы: радарную станцыю і цэнтр сувязі з падлодкамі. Пасьля рэалізацыі намеру Пуціна яна ўжо мела б і першую паўнавартасную базу. Беларусь суседнічае з Украінай, дзе з леташняга красавіка працягваецца канфлікт у Данбасе, а таксама з трыма членскімі дзяржавамі Эўразьвязу і НАТО: Летувой, Латвіяй і Польшчай.

Расея ўжо шэраг гадоў пратэстуе супраць набліжэньня інфраструктуры НАТО да сваіх межаў. Прэзыдэнт расейскай Акадэміі геапалітычных праблем Канстанцін Сіўкоў у інтэрв’ю агенцыі РІА Новості заявіў, што пабудова расейскай авіябазы ў Беларусі “зменшыць шансы праціўніка прадпрыняць атаку на цэлі ў Расеі”.

“Чым далей ад нашых межаў мы адсунем лінію ўвядзеньня нашых зьнішчальнікаў у бой, тым меншы шанс будзе мець наш праціўнік на пасьпяховую атаку на цэлі на нашай тэрыторыі. Пабудова нашых баз па-за межамі Расеі аддаляе ад нас патэнцыйныя ваенныя пагрозы”, — патлумачыў Сіўкоў. Ён дадаў, што Расея і Беларусь дэ факта зьяўляюцца агульнай тэрыторыяй, таму пабудова расейскай базы ў Беларусі ёсьць таксама ўзмацненьнем яе абароны, ды яшчэ на самым пагрозьлівым накірунку.

Сіўкоў пагадзіўся з думкай, што планы пабудовы расейскай авіябазы ў Беларусі зьвязаныя з цяперашняй складанай геапалітычнай сітуацыяй. “І хаця зразумела, што НАТО ня пойдзе на адкрыты бой, трэба быць гатовым і мець групу войскаў, з дапамогай якой мы маглі б адэкватна рэагаваць, калі б НАТО пачало канцэнтраваць свае сілы”, — заявіў Сіўкоў.

SITA

Пераклаў з славацкай В. Буйвал. Крыніца: славацкая газэта “Pravda”, 19.09.2015 http://spravy.pravda.sk/svet/clanok/368095-putin-prikazal-rokovat-o-vystavbe-ruskej-zakladne-v-bielorusku/