Злачынствы камуністаў ня маюць тэрміну даўніны

22 сентября 2015 г.

Навіны

Баўгарскі парлямант прыняў папраўку ў крымінальны кодэкс, якая адмяняе тэрмін даўніны для камуністычных злачынстваў. Новы закон дае магчымасьць аддаваць пад суд членаў камуністычнай партыі, адказных за забойствы, стварэньне лягяроў і перасьлед.

Йдзецца аб адказнасьць за злачынствы супраць правоў чалавека, зьдзейсьненыя ў Баўгарыі ў пэрыяд з 9 верасьня 1944 г. да 10 лістапада 1989 г., калі быў скінуты рэжым камуністычнага правадыра Тодара Жыўкава.

Паводле папраўкі, тэрмін даўніны ня дзейнічае па найцяжэйшых злачынствах, тобок па забойствах на палітычнай аснове, стварэньні лягяроў, прымусовых перасяленьнях ці пазбаўленьні волі з парушэньнем галоўных асноваў міжнароднага права.

— Частка гэтых злачынстваў на аснове міжнароднага права можа трактавацца як злачынства супраць чалавечнасьці – сьцьвярджаюць у абгрунтаваньні папраўкі дэпутаты з правацэнтрысцкай партыі ГЭРБ прэм’ера Бойкі Барысава і кааліцыі Рэфарматарскі Блёк. Тэрміну даўніны не падлягаюць таксама злачынствы, зьдзейсьненыя падчас так званага працэсу адраджэньня, альбо прымусовай зьмены прозьвішчаў баўгарскіх туркаў у пэрыяд 1984-89 гг. і выгнаньня больш за 300 тыс. членаў гэтай меншасьці ў Турцыю ўлетку 1989 г. За папраўку ў парляманце, які мае 240 месцаў, галасавалі 111 дэпутатаў, 30 выказаліся супраць, 7 устрымаліся.

Ада Міхаляк

Пераклаў з польскай В. Буйвал.

Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 17.09.2015 http://www4.rp.pl/Swiat/309179872-Zbrodnie-komunistow-bez-przedawnienia-w-Bulgarii.html