Заснавальнік і старшыня Камітэта Польшча-Чачэнія, Ганаровы Консул Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя ў Польшчы Адам Бароўскі распавёў пра хвалю ўцекачоў, якія прыбывалі ў Польшчу ў 90-я гады:
А.Б.: Галоўным чынам гэта былі шматдзетныя сем’і, вельмі часта самотныя жанчыны з дзецьмі, таксама старыя, тобок у цэлым людзі, што ўцякалі ад вайны. Маладых мужчын амаль не было. Маладыя мужчыны былі на вайне. Калі зьяўляліся маладыя мужчыны, то калекі, параненыя ваяры. Многія з гэтых людзей хацелі застацца ў нас, але гэта было немагчыма, бо мы не давалі ім такога забесьпячэньня, як на Захадзе. Прабыўшы тут год, калі яны атрымлівалі нейкія грошы і навучыліся мове, яны павінны былі даваць рады самы.
Частка, некалькі тысячаў, як я ацэньваю, засталіся ў Польшчы. Вучацца, працуюць, гэта вельмі здольная нацыя, заканчваюць навучаньне. Пазьней наплывалі наступныя хвалі, матываваныя ўжо перад усім эканамічна.
Журналіст: Гледзячы на цяперашнюю хвалю іміграцыі ў Эўропе, шмат людзей задаюцца пытаньнем, ці так выглядаюць уцекачы ад вайны? Добра апранутыя, з мабільнікамі, сьмела кіруюцца да заранёў абранай мэты.
А.Б.: Памятаю, што калі прыязджалі чачэны, то ня мелі нічога, акрамя двух чымаданаў. Я прыймаў гэтых людзей на вакзале, узімку яны былі ў летняй вопратцы, летнім абутку. Я зьбіраў для іх асноўныя рэчы. На першы погляд гэта была зусім іншая грамадзкая група, чымсьці маладыя мужчыны, якія кідаюцца камянямі ў паліцыю. Вось і ўсё.
Чачэнцы дзякавалі Богу, што маюць дах над галавой. Гнязьдзіліся ў кепскіх умовах, на калідорах, але былі задаволены, што бомбы ня лётаюць у іх над галавой. Яны ня думалі ў пачатковы пэрыяд, каб ехаць далей. Яны ехалі далей толькі тады, калі ўставалі на свае ногі, калі ўжо не маглі быць тут больш. Яны маглі працаваць толькі на фізычных працах, на ачыстцы, на будоўлі – напрыклад, каб аплаціць кватэру, каб купіць падручнікі і да т.п. Яны браліся за любую працу, на жаль, іх часта падманвалі. Напэўна выезд на Захад ня быў для іх першай мэтай.
Пераклаў з польскай В. Буйвал.