Пасьля цяжкой, працяглай хваробы памёр наш дарагі сябра Уладзімер Ціхановіч. Ён – з старэйшага пакаленьня фронтаўцаў, якія яшчэ маладымі людзьмі далучыліся да справы Адраджэньня Бацькаўшчыны і на працягу гадоў служылі ёй. Спакойны і разважлівы чалавек, Уладзімер не любіў зьнешніх эфэктаў і лішніх словаў, ён працаваў грунтоўна і шчыра, мабілізуючы патрыётаў сваім прыкладам. Сябра Сойму БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ, Уладзімер прымаў актыўны ўдзел у інтэлектуальнай працы патрыятычных арганізацый, ягоныя думкі і ідэі былі вельмі важнымі для фронтаўскага руху. Разам з тым ягоныя практычныя здольнасьці забясьпечвалі выдатную арганізацыю асьветніцкай і палітычнай працы Фронту і Партыі. У самыя драматычныя і цяжкія моманты нашага вызвольнага змаганьня ён даваў прыклад мужнасьці і пасьлядоўнасьці, быў сапраўдным змагаром-адраджэнцам. Усе мы памятаем, якім сьветлым і аптымістычным быў наш сябра, як ён умеў натхніць людзей.
Нам будзе не хапаць Уладзімера. Але ён выхаваў многіх маладзейшых адраджэнцаў, якія працягнуць ягоную і нашую агульную Беларускую справу. Няхай будзе яму пухам родная зямля.
Выказваем шчырыя спачуваньні сям’і і блізкім нябожчыка.
Сябры і кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
16.09.2015