Верасьнёўскі Сойм 2015 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
13 верасьня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту, а таксама ягоны даклад – “Гэта слова сакральнае. Аб некаторых аспэктах беларускага Адраджэньня і паразе рускай палітыкі”. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі. Ён адзначыў, што з усяе краіны паступае інфармацыя пра далейшае паглыбленьне сацыяльна-эканамічнага крызісу. Так, у Гомелі спынены “на тыдзень” (паводле фармулёўкі адміністрацыі) мясцовы Дрэва-апрацоўчы камбінат, адно з буйнейшых прадпрыемстваў гэтай галіны ў краіне. Работнікі накіраваныя дахаты без якіх-кольвечы выплат. Паўсюль не стае настаўнікаў і мэдработнікаў. Прадпрыемствы ня маюць абаротных сродкаў. Людзі ўсё часьцей задаюцца пытаньнем: колькі яшчэ будзе трымацца гэтае становішча. Многія робяць пэсімістычныя прагнозы. Рэжымная прапаганды ўжо ня дзейнічае на цьвярозых людзей. Патрыёты павінны тлумачыць беларусам, што мы – на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве – і менавіта народ, а не чужынская ўлада, павінен наладжваць дастойнае чалавечае жыцьцё, эканоміку, культуру ў сваёй краіне.
Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі, што ў гарадах, мястэчках і ў вёсках людзі нават ня згадваюць “пра выбары”. Усе разумеюць, што гэта ёсьць жульніцкі спэктакль рэжыма, у якім усё заранёў вырашана. Галоўнай праблемай становіцца элемэнтарнае выжываньне беларусаў і іхніх сем’яў. Пакуль што людзі трымаюцца за свае працоўныя месцы, нават калі атрымоўваюць мізэрныя заробкі. “Падзарабіць” у Расею ўжо выбіраецца мала хто. У Расеі лютуе крызіс, і нават проста быць там для беларуса небясьпечна.
Людзі, якія цікавяцца палітыкай і сочаць за падзеямі, падазрона ацанілі вяртаньне на палітычную арэну такіх фігур, як Статкевіч і Міхалевіч. Памятаючы дзейнасьць гэтых асобаў, шмат хто называе іх “правакатарамі”, разумеючы, што Масква можа выкарыстаць гэтых “лідэраў” у выпадку стыхійных народных пратэстаў. Яны зноў могуць завесьці беларусаў у рэжымную пастку і пад удар. Але гэтым разам не атрымаецца. У грамадзтве заўважылі штучную мітусьню псэўдаапазыцыі: узаемныя абвінавачваньні, хлусьню псэўда-БНФ, пазёрства і сумніўную ролю Т. Караткевіч.
Апошнімі днямі беларусы са зьдзіўленьнем назіраюць за тым, як СМІ высоўваюць наперад у якасьці “дэмакратычнага палітыка” А. Лябедзьку, аднаго з тых, хто прывёў да ўлады цяперашні рэжым і быў асабістым прадстаўніком А. Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце. Аўтарытэту ў гэтай публікі няма і ўжо ня будзе.
Сябры Сойму зазначылі, што Масква брутальна штурхае нашу краіну ў бок вайны з цывілізаваным сьветам, імкнецца навязаць беларусам свае ваенныя базы на беларускай тэрыторыі. Цяпер Масква, дамовіўшыся з Лукашэнкам, хоча стварыць саю ваенную авіябазу пад Баранавічамі. Нельга дазволіць, каб зьяўляліся ў Беларусі чужыя ваенныя базы. Нельга дапусьціць, каб наш народ, наша армія сталіся закладнікамі шалёнай імпэрскай палітыкі. Толькі цывілізаваная ліквідацыя прамаскоўскага рэжыму забясьпечыць мір і стабільнасьць у Беларусі. Сойм прыняў заяву “Прэч чужыя ваенныя базы зь Беларусі!”
Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні партыйнай працы.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 13 верасьня 2015 г.