„Квоты для імігрантаў – гэта ілюзія…”

15 сентября 2015 г.

Навіны

Брусэль. На думку прэм’ера Вугоршчыны Орбана квоты рассяленьня ўцекачоў былі б “запрашэньнем” для імігрантаў. – Квоты – гэта ілюзія. Яны прывядуць толькі да большай колькасьці ахвяр, — сказаў Орбан на прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчаў з кіраўнікамі інстытуцый Эўразьвязу.

“Не ствараць ілюзій”

— Усе дзеяньні, якія могуць даць людзям ілюзію або спадзяваньне, што яны будуць прынятыя ў Эўразьвязе, безадказныя. Нашым хрысьціянскім абавязкам ёсьць тое, каб не ствараць ілюзій. Мы ня можам абуджаць надзеі ў людзях, якія будуць рызыкаваць сваім жыцьцём, разьлічваючы на нешта, што немагчыма, — зазначыў ён.

На яго думку, бальшыня імігрантаў, што прыбываюць у Эўразьвяз, гэта не ўцекачы з рэгіёнаў, ахопленых канфліктамі, а заробкавыя імігранты.

“Ахова зьнешніх межаў Эўразьвязу”

На думку Орбана, адзіным варыянтам разрашэньня крызысу з мігрантамі ёсьць ахова зьнешніх межаў Эўразьвязу, што робяць вугорцы, будуючы агароджу на сваёй мяжы з Сэрбіяй.

— Гэта быў не капрыз, — настойваў Орбан. Ён падкрэсьліў, што агароджа зроблена для таго, каб ягоная краіна дала рады ў выкананьні абавязацельстваў па рэгуляваньню Шангенскай зоны.

Орбан мяркуе, што Эўразьвяз павінен выразна даць зразумець патэнцыйным заробкавым імігрантам, што ня варта рабіць рызыкоўнае падарожжа, бо немагчыма перайсьці мяжу Эўразьвязу тым, хто не зьяўляецца ўцекачом.

Ганна Відзык Пераклаў з польскай В. Буйвал. Крыніца: польская газэта “Gazeta Wyborcza”, 3.09.2015 http://wiadomosci.gazeta.pl/wiadomosci/1,114881,18704924,orban-kwoty-migracyjne-tworza-iluzje-doprowadza-tylko-do.html