Служба бясьпекі і выведкі Чэхіі (BIS) заявіла, што Расея ў працы сваіх спэцслужбаў вяртаецца да савецкіх часоў, разьвіваючы ў сьвеце новую сетку сваіх агентаў. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы ведамства за 2014 год.
“Расея разбудоўвае структуру, якую можна лічыць вяртаньнем да канцэпцыі Камінтэрна, створанага і выкарыстоўваемага Савецкім Саюзам”, — гаворыцца ў справаздачы.
BIS зазначае, што расейскія агенты, як і ў папярэднія гады, спрабуюць атрымаць кантроль над расейскамоўнай абшчынай у Чэхіі і прасоўваць пракрамлёўскія арганізацыі і дзеячаў на пазыцыі прадстаўнікоў усяе расейскамоўнай абшчыны ў зносінах з чэшскімі дзяржаўнымі ворганамі і інстытуцыямі.
Сур’ёзны ўплыў Расеі на чэшскае грамадзтва зьдзяйсьнялі і зьдзяйсьняюць чэшскія па-прарасейску арыентаваныя арганізацыі або паасобныя людзі і іхнія інтэрнэт-праекты, гаворыцца ў справаздачы. Сярод гэтых людзей ёсьць тыя, хто робіць гэта неўсьвядомлена ў выніку маніпуляцый, і прафэсіяналы, якія сьвядома працуюць на Расею.
Дзякуючы гэтаму шэраговыя чэшскія грамадзяне ўспрымаюць ад іх пракрамлёўскія думкі як погляды і перакананьні сваіх уласных суграмадзян, а не як ідэі, якія насаджае Расея.
У выніку гэтага частка чэшскай аўдыторыі, з аднаго боку, можа выступаць за зьнішчэньне помніка савецкім акупантам, але з другога боку, будзе падтрымліваць савецкую акупацыю Крыма і дзейнасьць расейскіх “інтэрнацыяналістаў” ва Усходняй Украіне.
У справаздачы таксама адзначаецца разведвальная актыўнасьць расейскіх спэцслужбаў.
У той жа час BIS зазначае, што на працягу 2014 года не назіралася дзейнасьць украінскіх разведвальных службаў, якая была накіравана супраць Чэшскай Рэспублікі і яе інтарэсаў або якім-кольвечы чынам наносіла б шкоду яе міжнароднаму аўтарытэту і рэпутацыі. Акрамя таго, украінскія ўлады не зьдзяйсьнялі дзейнасьці, якая была б накіравана на дэстабілізацыю ўнутранай сытуацыі або міжэтнічных зносінаў у Чэхіі.
Многія ў НАТО апасаюцца, што інфармацыя, якой яны дзеляцца з Грэцыяй, у тым ліку разведвальная, трапляе ў Маскву.
Пераклад з расейскай.