„Вядомая сьмелымі кнігамі пра гісторыю Расеі…”

15 сентября 2015 г.

Навіны

У адной з буйнейшых польскіх газэт “Rzeczpospolita” 7 верасьня зьявіўся “праграмны артыкул” пра С. Алексіевіч. Цытуем:

“Пісьменьніца і журналістка Сьвятлана Алексіевіч, вядомая сьмелымі кнігамі пра гісторыю Расеі, лаўрэтка шматлікіх узнагародаў (…)

Як я ўжо заўважыла, чытачы ведаюць Сьвятлану Алексіевіч перад усім па сьмелых кнігах пра незаўважаную і адмаўляную гісторыю Расеі: пра катастрофу ў Чарнобылі, савецкай інтэрвэнцыі ў Аўганістане (…) або штодзённым жыцьці пасьля падзеньня камунізма.

Пісьменьніца сама апісвае сваю нацыянальную тоеснасьць як складаную – у розныя пэрыяды жыцьця яна хісталася паміж расейскай, украінскай і беларускай, аднак найбольш яна зьвязана з той апошняй. У сваёй прозе яна часта падкрэсьлівае неабходнасьць дэмакратызацыі і мадэрнізацыі Беларусі, за што яе творы былі забаронены ў гэтай краіне”.

Крыніца: http://www4.rp.pl/Literatura/309079895-Aleksijewicz-gosciem-Festiwalu-Conrada.html

Цікавая чытанка! Ну, сур’ёзна! Тут успамінаюцца далёкія гарбачоўскія гады. Тады беларусы і ўкраінцы часьцей пачалі езьдзіць у Польшчу і траплялі там у розныя, часам кур’ёзныя сытуацыі. Калі палякі валілі помнікі Леніну і Дзяржынскаму, кідаліся цэгламі ў амбасаду СССР і падобнае, то яны, бывала, гукалі беларусам і ўкраінцам: “Вось мы як! Мы вам яшчэ пакажам!” Беларусы і ўкраінцы паціскалі плячыма і шчыра сьмяяліся, адказваючы: “Пан, дай мне цэглу. Я таксама шпурляну ў маскалёў…”

І вось прамінула больш за чвэрць стагоддзя з тае пары. На межах Польшчы ўжо на працягу аднаго пакаленьня (!) існуюць незалежныя дзяржавы. А тут у шанаванай газэце напісана рознае. Прычым, калі пра “цэглу” маналогі выдавалі былі сярэднестатыстычныя грамадзяне Польшчы, то пра “творчасьць Алексіевіч” разважае неназваная ў тэксьце пані з інтэлектуальна-літаратурнай эліты.

Для ананімнай пані і Чарнобыль, і Аўган, і штодзённае жыцьцё пасьля камунізма – усё гэта “пра гісторыю Расеі” ды яшчэ “адмаўляную”. А пані (разам з рэдакцыяй газэты) ведае, што Чарнобыль знаходзіўся і знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, а ў Аўгане ваявалі і загінулі тысячы беларусаў і ўкраінцаў? І пра якое гэта “рускае жыцьцё” пасьля 1991 года пісала мадам Алексіевіч?

Але гэта яшчэ нічога. Галоўнае, абы цэгламі ня кідацца. Тут весялей іншае. Тое, што пра “нацтоеснасьць” згаданай мадам. Мы б, прызнацца, не дадумаліся закруціць такі пасаж. Аказалася, што мадам усё жыцьцё хісталася-хісталася, а цяпер яе хістанула ў беларускі бок. Тут, мабыць, пані з газэты ўспомніла знакаміты тэзіс мадам Алексіевіч, перакладзены на многія эўрапейскія мовы: “Лукашенко – настоящий мужик”, а таксама яе тэксты (перакладзеныя ў асноўным на нямецкую) пра недаразьвітасьць беларускай культуры, мовы і народа ў цэлым. За гэта, маўляў, творы мадам і былі забаронены ў акупаванай лукашызмам Беларусі.

Мы, аднак, мяркуем, што калі б у Польшчы зьявілася якая-небудзь асоба такога тыпу (што хісталася паміж тоеснасьцямі, а потым пачала б фарсіць палякажэрствам), то яе ня тое што на літаратурны фэстываль, але й на банальны парог не пусьцілі б. Але ж гэта ў Беларусі, там усё можна.

Цікава, што літаратурна-газэтны “боб з гарохам” тычыцца не Папуа-Новай Гвінэі або Гандураса. Беларуская краіна, культура і літаратура літаральна побач, за Бугам. А ў Варшаве выдаюць такія філалагічныя маналогі. Нават на філфаку Мазырскага пэдінстытута за такое кажуць: “Ідзіце дахаты і падвучыцеся”. Каму трэба, то ідуць і падвучваюцца.

Валеры Буйвал