Як і чакалася, 21 жніўня з абвешчанага Партыяй псэўда-БНФ “мэгапікету на ўвесь праспэкт” выйшаў банальны мэгапшык. Янукевіч прывёў з сабой некалькі паненак і панічаў, якіх мы раней нідзе ня бачылі. “Лідэр” раздаў ім тузін нацыянальных сьцягоў, і тыя паказваліся пад імі на вул. Леніна. Зацікавіліся “мэгапшыкам” выключна “дэмжурналісты”. У трактоўцы, напрыклад, “белрэдакцыі РС” псэўдаапазыцыйная дзея была названа так – “Вялікі пікет у Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі”. А ў тэксьце фальшыва пазначалася пра “дзясяткі сьцягоў”.
Мэгаламанія псэўдаў была не адзіным цыркавым нумарам праграмы 21 жніўня. Клоўны арганізавалі на арэне замяшаньне, мітусьню і блытаніну. Дашкевіч заявіў, што “Малады Фронт будзе агітаваць супраць Караткевіч”. Някляеў гаварыў прозай і назваў тую ж асобу “пластмасавай лялькай”. Вядомы правакатар Дзімітрыеў даваў ацэнкі камуністу Калякіну. Лябедзька не набраў 100 тысячаў подпісаў. І гэтак далей. Але самае галоўнае ў тым, што публіка ў залі пазяхае і нудзіцца. Беларусаў не зацікавіла цыркавое майстэрства пэрсанажаў згаданых вышэй шарашкіных канторак.
Чым бы гэтым бедалагам ажывіць шоў? Узялі хаця б ды выпусьцілі на арэну падзабытага Мілінкевіча ў грыме Чарлі Чапліна. Ён бы арганізаваў эўрацырк. Хаця ўсе яны прымільгаліся, зашмальцаваліся…
Сяргей Камароўскі