Прынцыпова важнае адрозьненьне дадзенай ваеннай кампаніі, дадзенага ваеннага і дзяржаўнага злачынства перад грамадзянамі Расеі ў тым, што грамадзяне Расеі – у адрозьненьні ад аўганскай, чэхаславацкай, вугорскай каланіяльных войнаў, у адрозьненьні ад імпэрыялістычнай Першай сусьветнай, у адрозьненьні ад бессэнсоўнай японскай і подлай фінскай – грамадзяне Расеі сёньня зьяўляюцца саўдзельнікамі авантуры і агрэсіі.
Гэтага раней не было. Рэкруты, забітыя ў 14-м годзе, уяўленьня ня мелі, за што іх забілі, а абстракцыя “за Радзіму” некаторы час тлумачыла іхняе ператварэньне ў фарш. Жаўнеры, калекі, што дабіраліся дадому “ад паўшых цьвярдыняў Порт-Артура” ніяк не патлумачылі б, за што яны змагаліся. Ды іхняй думкі і не пыталіся. Таксама й як гераічныя матросы “Варага”, што затануў, ніяк не патлумачылі, што менавіта кінула іх у вайну з “касавурымі чарцямі”. І ніхто з савецкіх грамадзян не вінаваты асабіста ў агрэсіі супраць Аўганістана – уводзілі “абмежаваны кантынгент” рашэньнем Палітбюро, паведамлялі інфармацыю ня проста дазавана, яе зусім не паведамлялі. Што ведалі хатнія гаспадыні і супрацоўнікі інстытутаў пра Кандагар? Ды нічога ня ведалі. Людзі – гарматнае мяса. Але ім пра гэта паведамляюць ужо тады, калі закладаюць у мясарубку.
Але ва Украінскай вайне ўдзельнічаюць усе.
Гэта асабісты выбар народа – душыць Украіну. Гэта не з нямой згоды. Гэта падтрымана, гэтага імпэтна жадаюць. Украіне помсьцяць за тое, чаго хацелі дваццаць пяць гадоў запар самы, — за жаданьне ўвайсьці ў Эўропу.
Схавацца і ня ведаць – нельга. Інфармацыі столькі, што ня ведаць – немагчыма. Важна памятаць і супастаўляць, бо разьлік уладаў на тое, што вайна мае сваю ўнутраную логіку. Яны пастараліся распаліць нянавісьць племянную, распальвалі – і распалілі. Сёньня любы жыхар Расеі ведае пра вайну, але ведае, што вінаватыя хахлы. І хаця Расея напала на Украіну, але гэта на самой справе Україна напала на Расею. І трэба было дамагчыся гэтага перавароту ў сьвядомасьці. Яны дамагліся.
І няма нікога сёньня, хто быў бы невінаваты.
Вінаватыя мастакі, якія маўчаць, — а як ім запярэчыць, калі дырэктары іхніх музэяў “за”? Вінаватыя рэжысёры, якія маўчаць, — а як ім запярэчыць, калі іх кормяць з бюджэта бязь меры? Вінаватыя газэтчыкі, якія абалваньваюць насельніцтва і распальваюць вайну, — і ўсё гэта ня нейкая абстрактная віна, але віна ў рэальных забойствах. Так атрымалася менавіта таму, што ўсё вядома, і патрабуецца экстатычнае патрыятычнае намаганьне – каб прыняць неабходнасьць забойстваў. Забіта шмат людзей па прыхамаці капіталістычнага начальства – дзеля фэадальнай эканомікі. Распалілі племянную злосьць. Вы ўсе ўдзельнічаеце ў імпэрыялістычнай вайне. І, што важна, у адрозьненьне ад Першай сусьветнай – вы ў імпэрыялістычнай вайне ўдзельнічаеце сьвядома.
Максім Кантар, расейскі мастак і пісьменьнік
Пераклаў з расейскай В. Буйвал Крыніца: https://www.facebook.com/maxim.kantor.3/posts/10206287631047068?pnref=story