Пару месяцаў таму Уладзімір Рыжкоў у гасьцях у Міхаіла Сакалова на “Радыё Свабода” наракаў на тое, што палітычныя авантуры Пуціна разбураюць расейскі ВПК, бо вялізная доля паставак камплектуючых, сістэм, рухавікоў і г.д. у расейскім узбраеньні належала ўкраінскім кампаніям. Цяпер яны не супрацоўнічаюць з расейскім ВПК, і расейскі ВПК, нібыта, будзе разбураны.
У верасьні 2014 года ў рамках першага пакету санкцый Украіны ў адносінах да Расеі, акрамя іншых захадаў, быў забаронены ўвоз цэлага шэрагу тавараў ваеннага прызначэньня. Надоечы ўрад Украіны зацьвердзіў пашыраны пакет санкцый. Мяркуецца ўнесьці ў санкцыйны сьпіс 156 юрасобаў і больш за тысячу фізычных асобаў, сярод якіх, я ўпэўнены, ёсьць многія арганізацыі і людзі з расейскага ВПК.
Але калі расейскі ВПК, нібыта, паводле Уладзіміра Рыжкова, будзе разбураны, гэта хіба дрэнна?
Расеі не патрэбны свой ВПК на працягу наступных 20-30 гадоў. Расеі патрэбныя зьнешняе кіраваньне і свой План Маршала. Гэтае сьцьверджаньне было б няслушным, калі б у Расеі дзейнічала Канстытуцыя РФ і існавала б грамадзтва ў сэнсе “нацыі”. Але нічога гэтага няма і быць ня можа, пакуль гэта ня ўзьнікне з дапамогай зьнешняга кіраваньня, як у Заходняй Нямеччыне пасьля 1945 года і дэнацыфікацыі.
Расейскаму ВПК наканаваная пагібель.
На расейскі ВПК накладзены такія міжнародныя санкцыі, якія даўно ўжо забілі апошні цвік у ягоную труну простым форвардным кантрактам. Найноўшае ўзбраеньне ХХІ стагоддзя і санкцыі ў адносінах да расейскага ВПК несумяшчальныя адно з адным.
Праграма пераўзбраеньня расейскай арміі, разьлічаная на пэрыяд да 2020 года – гэта проста найвялікшая ў гісторыі Расеі схэма па расьпіле 20 трыліёнаў рублёў і нічога больш. Да 2020 года нехта стане вельмі багатым, шмат хто стане вельмі бедным, але расейскага ВПК ня будзе, як ня будзе і ўзбраеньняў ХХІ стагоддзя.
Калі робіцца выбар “гарматы замест масла” ва ўмовах нападу на іншыя краіны і міжнародных санкцый, то ня будзе ні гармат, ні масла, ні краіны.
Слава Рабіновіч
Пераклад з расейскай. Крыніца: https://www.facebook.com/slava.rabinovich.9/posts/924626644265317