У інфармацыйнай прасторы распаўсюдзіліся паведамленьні пра рэзкае павелічэньне аплаты за навучаньне ў ВНУ Беларусі (“беларускімі” іх назваць язык не паварочваецца). Цытуем:
“З 1 верасьня для першакурсьнікаў зьменіцца плата за вучобу ў параўнаньні зь мінулым годам, паведамляе Мінадукацыі. Кошты павысяцца на 10–15%, на 2–3 мільёны рублёў у год. (…) Самымі дарагімі спэцыяльнасьцямі будуць міжнароднае права на факультэце міжнародных адносін БДУ, а таксама правазнаўства і эканамічнае права на юрыдычным факультэце. За год тыя, хто прагне стаць міжнароднікамі і юрыстамі, мусяць выкласьці 24 680 000 рублёў”.
Крыніца: http://www,svaboda.org/content/article/27162336.html
Для таленавітай моладзі з малазабясьпечаных і бедных сем’яў (а такіх у акупаванай Беларусі бальшыня) становіцца практычна немагчыма атрымаць вышэйшую адукацыю паводле свайго творчага пакліканьня і таленту. Прыйдзецца ў лепшым выпадку вучыцца “чему-нибудь и как-нибудь”. Або не вучыцца зусім. І застануцца ў нас у адукаванай публіцы спрэс нашчадкі лукашыстоўскіх “элітаў”, “алігархаў” і іхняй абслугі. Гэтая карціна блізкай футуралогіі наводзіць на вельмі сумныя думкі. Масква працягвае рэалізацыю праз свой васальны рэжым у Менску сваёй праграмы разбурэньня беларускай адукацыі, абніжэньня адукацыйнага ўзроўню народа. Беларусы павінны, паводле гэтай праграмы, у фуфайках здабываць для Масквы нафту-газ у Сібіры і абслугоўваць нафта- і газаправоды імпэрыі.
Усё гэта ёсьць наўпростым наступствам недаробленай нацыянальнай справы. Многіх постсавецкіх людзей задавальняла “русскоязычность” і ў прыватнасьці “русскоязычное образованіе”. Адным словам, іх задавальняў чужынскі сурагат – “Русскій мір”. Каланіяльныя комплексы выклікалі падзеньне якасьці адукацыі, а цяпер вось выклікаюць і падзеньне яе “колькасьці”.
У дэмакратычнай, незалежнай, пазбаўленай ад акупацыі Беларусі адукацыя была б на роднай мове і для сябе, а не для сібірскага трубаправода. У нашай Беларусі наша моладзь ня будзе плаціць шалёныя грошы за свой дыплом.
Сяргей Камароўскі