Значыць, так. Эканамічныя санкцыі не адмянілі. І калі адменяць – невядома. Больш таго: яшчэ шэсьць дзяржаў да іх далучыліся. Доступ Расеі на рынак капіталаў і рынак высокіх тэхналогій зачынены.
Пэрсанальныя санкцыі будуць паглыбляцца, гэта цяпер ужо відавочна. Глядзіце, напрыклад, заяву Кэмэрона наконт афшорных кампаній-уласьнікаў лёнданскай нерухомасьці або адмову Нарышкіну ў шангенскай візе для ўезду ў Фінляндыю. Павольна, але паслядоўна падбіраюцца да афшорных рахункаў і да жонак-дзяцей…
Турцыя фактычна заблакавала будаўніцтва “Турэцкай плыні”. Кітайцы так і не далі фінальную цану на газ па праекце “Сіла Сібіры”. Захад адмяніў эмбарга на іранскую нафту і яна за месяц упала на 20%…
Суд у Лёндане за крок ад вэрдыкта, што Літвіненка быў забіты Лугавым і Коўтунам на загад з Крамля. З усімі вынікаючымі адсюль наступствамі. У прыватнасьці: пайменны сьпіс на выдачу забойцаў і іхніх натхняльнікаў. Публічны і афіцыйны.
Пасьля расейскага вэто ў Радзе Бясьпекі Генэральная Асамблея ААН хутчэй за ўсё двума трацінамі галасоў яго пераадолее і трыбунал па малайзійскаму Боінгу будзе ўтвораны і будзе мець міжнародны мандат. Наступствы таксама ў поўнай меры прадказальныя.
Гэта ўсё ў дадатак да эканамічнага крызісу, падзеньню ВУП, двухзначнай інфляцыі, надзвычай жорсткаму бюджэтнаму крызісу і развалу пэнсійнай сістэмы. Плюс неабвешчаная вайна з Украінай, пра якую нельга казаць услых. А між тым гэтая вайна прайшла цераз сэрцы дзесяткаў мільёнаў расейскіх грамадзян так або інакш зьвязаных з Украінай…
А дадайце яшчэ палітычныя забойствы, перасьлед рэальнай апазыцыі, адкрытыя парушэньні асноўных выбарчых правоў грамадзян, фабрыкацыю крымінальных справаў, пераход да пазасудовых расправаў з дапамогай кадыраўскіх эскадронаў сьмерці.
І ўсё гэта на фоне дзікай прапагандысцкай гістэрыі, фанфаронства, шапказакідальніцтва, расповедаў, што нехта ўжо нам не канкурэнт, а кагосьці мы вось-вось дацісьнем. А тым часам ВУП на душу насельніцтва Казахстана ўжо вышэй расейскага.
І вось вішанька на гэтым торце: улада мяркуе, што пры ўсім пры гэтым мы павінны сьвята верыць, што сытуацыя ў краіне стабільная як ніколі, а мы – авангард чалавецтва і яго маральны лідэр.
Калі гэта не дурдом, то што такое дурдом? Тут надоечы Пуцін какетліва спытаў швайцарскага журналіста: “Вы лічыце мяне вар’ятам?” Ветлівы швайцарэц адмаўчаўся. І тое слушна: псіхіатры ня раюць казаць іхнім пацыентам непрыемныя рэчы ў лоб – можа здарыцца прыпадак…
Альфрэд Кох, экс-прэм’ер Расеі Пераклад з расейскай. Крыніца: https://www.facebook.com/koch.kokh.haus/posts/1476440365986501?fref=nf