З раніцы 27 ліпеня “навіны” пасыпаліся, як з мяху. Замахала электаральнай шашкай “белрэдакцыя” Радыё Свабода. Падаем тытулы яе “навінаў”: “Партыя БНФ абскарджавае неўключэньне ў тэрытарыяльныя камісіі”, “Я падпісаўся за мадам Караткевіч”, “Дашкевіч: Эдуард Лобаў – герой, молімся за яго”.
Нагадваем яшчэ раз, што сапраўдная Партыя БНФ (КХП-БНФ) пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка сёньня нічога не “абскарджвае”, бо ня ўдзельнічае ў клоўнскім карнавале. У суд наконт неўключэньня сваіх фігурантаў у выбаркамы падае псэўда-БНФ Янукевіча.
Фармулёўка “мадам Караткевіч” (беларусам больш уласьціва ў такой сытуацыі казаць “спадарыня”), аказваецца, прыжылася ў народзе. Некаторыя нават падпісаліся. Ананімны падпісант за “мадам” патлумачыў, чаму зрабіў гэта: “Няхай яна ЯМУ крыху крыві папсуе…” Мы думалі, што электаральныя працэсы арганізоўваюцца для прызначэньня народам чыноўнікаў. А яно вось як – усё для “псаваньня крыві”…
І апошняе. Ну-у, калі ўжо за Лобава “моляцца”, то як кажуць, “трэба з хаты сьвятых выносіць”. Цяпер перакананьне думаючых людзей аб тым, што “геройская сага” Лобава – фэйк, атрымала яшчэ больш трывалае абгрунтаваньне.
А цяпер дзяжурнае ў сваёй рыторыцы пытаньне. І навошта з раніцы ў панядзелак салідная нібыта рэдакцыя (і іншыя “дэмСМІ”) выдаюць такі пранізьлівы балалаечны звон? Прычым робіцца гэта з прэтэнзіяй на сьвежыя актуаліі і інтэлектуальную аналітыку. Адказ тут просты. Прамінулі выходныя. Пара-тройка пікецікаў спарынг-партнёраў начальніка рэжыму пасумавалі пазяхаючы на ходніках і пайшлі ў свае канторы. Пісаць няма пра што.
Ну, заўпарціліся беларусы, не падпісваюцца за іхніх “кандыдатаў”, ідуць прэч, не глядзяць у іхні бок. Але гэта толькі пачатак. Сапраўдныя аналітыкі папярэджваюць, што эканамічна-фінансавая сытуацыя будзе імкліва мяняцца, вядома, у які бок. І тады стомленыя хлусьнёй людзі інакш будуць рэагаваць на дэмагагічную балбатню псэўдаапазыцыі. Грамадзтва можа перакуліць шапіто і пагнаць абрыдлых клоўнаў перад сабой. Што ўжо тады рабіць майстрам інфармацыйнага жанру? Сяргей Камароўскі