Тарпэдаваньне арганізацыі трыбунала і брыдкая клаўнада з Каўтуном, які то гаворыць, то не гаворыць (у лёнданскай справе па забойству Літвіненкі) – дзьве відавочныя спробы расейскай адміністрацыі не дапусьціць рэалізацыі міжнароднага правасуддзя. Тут нават выдумляць іншыя вэрсіі, шчыра кажучы, не атрымліваецца…
Спробы гэтыя наўпрост паказваюць на датычнасьць расейскай адміністрацыі да абодвух злачынстваў – апошняе зразумела і зараз, а ў хуткім часе будзе даказана афіцыйна.
Што ж далей? Няцяжка прадбачыць. Адмова Крамля прызнаць відавочнае, далейшая ізаляцыя, узмацненьне санкцый, небясьпечнае набліжэньне ваеннага супрацьстаяньня…
Я добра разумею логіку людзей, датычных да гэтых злачынстваў. Разумею Пуціна і людзей з кіраўніцтва ФСБ і Мінабароны, якія давалі адмашку на забойства Літвіненкі, наўпрост адказных за распальваньне вайны ва Украіне, за пастаўку сэпаратыстам сьмяротнай зброі, якая забіла пасажыраў Boeing… Злачынцы адцягваюць час расплаты і спрабуюць ад яе сысьці. На іхным месцы так зрабіў бы кожны; ніякіх пытаньняў па выбранай тактыцы.
Але я не разумею логіку расейцаў, якія далі сябе зрабіць мэнтальнымі закладнікамі забойцаў і, радасна зажмурыўшыся, ладнымі калёнамі маршыруюць насустрач пеклу. Пеклу – як мінімум сацыяльна-эканамічнаму…
І няхай бы, сапраўды гаворка йшла б пра толькі пра оруэлаўскіх “пролаў”, прыбітых прапагандай (гэтых час пашкадаваць), — але ў заахвочваньні пекла бяруць удзел людзі, што цалкам валодаюць кампутарнай “мышкай”, а значыць, маюць лёгкі доступ да рэальнай інфармацыі.
І здаецца, не ідыёты, каб ня бачыць на крок наперад.
Што ж прымушае іх рабіць гэта?
Адказ банальны: баязьлівасьць. І ўжо як наступства баязьлівасьці – “стакгольмскі сіндром”. Мэнтальная здача бандыту, якая пазбаўляе чалавека ад экзістэнцыйнага выбару.
Гэты сіндром зьмяншае шансы закладнікаў на калектыўнае вызваленьне – і, урэшце рэшт, небясьпечны, ня кажучы пра маральны бок пытаньня. Бо добра паміраць у міры з сабой, але сорамна паміраць у міры з бандытам.
Усе таталітарныя рэжымы набітыя знутры гэтым дыягназам. І чым больш небясьпечны рэжым, тым, як правіла, больш бессаромная дэманстрацыя радасьці з нагоды таго, што тваё жыцьцё ў руках у бандыта. У Паўночнай Карэі мільёны людзей гістэрычна вішчаць, калі бачаць трэцяга па чарзе Кіма…
Яны вішчаць, каб заглушыць свой страх.
Мы яшчэ не вішчым масава, але страх сядзіць ужо ў падкорцы.
Йдзецца тут не аб прадажнай пуцінскай эліце, якая даўно “увайшла ў долю” і баіцца гэтую долю згубіць (тут усё зразумела без пагружэньня ў бездані псіхікі), — я кажу пра “нармальных” людзей, якія зьвязваюць сваё жыцьцё і жыцьцё сваіх дзяцей з расейскай культурай і расейскім краявідам, а не з распілам закрамоў Радзімы. Я кажу пра тых, па кім у выніку найбольш балюча ўдарыць ужо блізкая будучыня.
І я вымушаны паставіць у двукосьсе слова, якое характарызуе нармальнасьць гэтай часткі пуцінскага электарата: калі гэта “норма”, то вельмі далёкая ня толькі ад годнасьці, але і ад самазахаваньня.
Па-мойму, расейскім абывацелям самы час прыкінуць нешта да носа (ну хаця б сьценаграмы будучых міжнародных рэзалюцый) – і зразумець розьніцу паміж сваім уласным інтарэсам і інтарэсамі крамлёўскай адміністрацыі.
У вінаватых у масавых забойствах няма ніякай пэрспэктывы па-за абсалютнай уладай у Расеі, іх ужо не напалохаюць ніякія санкцыі і ня спыніць ніякая кроў: горай, чым яны заслугоўваюць, ім ужо ня будзе. А нам?
Пераклад з расейскай.