Яны яго запрасілі, а ён пра іх выдаў

9 августа 2015 г.

Навіны

Пайшоў каторы дзень “збору подпісаў” вядомага шоў. Нават у сталіцы ўсяго ў некалькіх месцах назіраецца стаяньне групак псэўдаапазыцыі, якая дзейнічае пад жульніцкім слоганам ад А. Лябедзькі – “Выборов нет, но выбор есть!” Натоўпы грамадзян ідуць каля гэтых групак і нават не глядзяць у іхны бок. Цікавяцца імі адзінкі. Адным словам, лакальны крызіс жанру. Для разагрэву публікі псэўды пачалі ліхаманкава шукаць “маральных аўтарытэтаў нацыі”. Дасталі вядомага кінарэжысёра Ю. Хашчавацкага. Пасадзілі яго ў студыю Радыё Свабоды і пачалося. Ю. Хашчавацкі нічога новага не сказаў, цытуем:

“Я мяркую, што некаторыя журналісты перабольшваюць клоўнскую сытуацыю на гэтых выбарах. З аднаго боку, мы ведаем, чым гэта скончыцца, ведаем узровень фальсыфікацыяў. З другога боку, на мой погляд, удзельнічаць усё роўна неабходна. Бо лежачы на канапе, актыўныя людзі нічога не дамогуцца. (…) Магчымасьць выходзіць да людзей, размаўляць зь імі, каб пры гэтым цябе не арыштавалі, бывае рэдка. (…) Я — прыхільнік праграмы АГП «Мільён новых працоўных месцаў». Там напісана тое, што трэба зрабіць у нашай краіне”. (Канец цытаты).

Зноўку стары псэўдаўскі “боб з гарохам” пра канапу. Хашчавацкі вельмі добра ведае, што самае страшнае для рэжыму – не Лябедзька зь яго “праграмай”, а масавы непрыход людзей на “выбарчыя ўчасткі” і правал шоў. Ён хітрыць. Далей, аднак, аўтарытэт прагаварыўся і вельмі кур’ёзна:

“Я чалец ініцыятыўнай групы ня толькі Лябедзькі, але і Статкевіча. Я захапляюся ягонай стаічнай мужнасьцю”. (Канец цытаты).

Ды ён шматстаночнік, наш Хашчавацкі. Паводзіў ён сябе ў студыі арыгінальна. Яго запрасілі, у крэсла пасадзілі, а ён бух і выдаў на прыканцы спіча:

“Ніхто столькі не зрабіў для пахаваньня апазыцыі, як незалежныя журналісты. Параўнайце, што пра іх піша дзяржаўны друк, і што — недзяржаўны”. (Канец цытаты). Сапраўды так. У наступны раз, відаць, Хашчавацкага гэтыя «журналісты» не запросяць.

Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/27153255.html

На гэтую сэнтэнцыю трэба ўсё ж зазначыць, што на самой справе без намаганьняў “дэмСМІ” існаваньне “дэмапазыцыі” спынілася б даўно. Менавіта фальшывае ўвіханьне інфармацыйных жулікаў падтрымлівае на плаву жулікаў палітычных. І вось такі пасаж! Але скандала не адбылося. Пагаманелі, паарыгінальнічалі і пайшлі сабе. Так і спадзяюцца праіснаваць.

Сяргей Камароўскі