Мы ўсё думалі над прычынамі таго, што тав. Някляева перавялі на пасаду ў новую апазыц-кантору, а на яго месца ў вядомай “Говпраўду” пасадзілі вядомага правакатара тав. Дзімітрыева. Ракіроўка была не выпадковая. Новая някляеўская кантора называецца пафасна і з прэтэнзіяй – “Рух за дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі”. І вось начальнік канторы 21 ліпеня зрабіў заяву цалкам у рамках заяўленай тэмы свайго “руху”. За заяўленае прагна схапіліся твк званыя “дэмСМІ” і пайшло-паехала.
Што ж такое здарылася? А вось што. У Вену зьездзіла “невыяздная” начальніца ЦВК Л. Ярмошына, вяла там перамовы пра “міжнародныя стандарты выбараў”. А па-другое, ЦВК не зарэгістраваў групу М. Статкевіча. Усё гэта выклікала някляеўскі гнеў. Носьбіт гневу напісаў, цытуем:
“Калі б сярод кандыдатаў у прэзыдэнты не было прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, Ярмошынай не было б у Эўропе. Яе не было б і ў тым выпадку, калі б апазыцыя вылучыла адзінага кандыдата. Тады Эўропа ведала б, зь кім мець справу. Але апазыцыя, гуляючы у свае дробязныя гульні, моцна падгуляла рэжыму — і Эўропа вырашыла мець справу зь ім”.
Тое, што псэўдаапазыцыя (як заўжды) “моцна падгуляла”, мы таксама здагадаліся. Толькі хто ж гэта заявіў такое?! Тав. Някляеў, які з сваёй “Говправду” даволі працяглы час быў арганічнай часткай гэтых “падгуляўшых”. Можа ён марыў стацца тым “адзіным ад апазыцыі” ды ня выйшла? Дык у нас ужо быў “адзіны” тав. Мілінкевіч – адна з самых ганебных зьяваў у сучаснай беларускай палітыцы.
Але гэта толькі прэлюдыя някляеўскай філіпікі на ўсе адрасы. Цытуем самае галоўнае:
“Гэта азначае немагчымасьць дэмакратычных пераўтварэньняў, палітычных і эканамічных рэформаў. І ў рэшце гэта азначае паглынаньне беларускага сьвету рускім сьветам, страту шанцаў на эўрапейскае разьвіцьцё. Не назаўжды, гэтыя шанцы ізноў зьявяцца пасьля чарговай рэвалюцыйнай або сацыяльнай катастрофы ў Расеі, але цяпер рызыка іх страціць значна вышэй, чым магчымасьць захаваць (…) расейскія танкі на самай мяжы з Эўразьвязам, расейскія самалёты, разгорнутую ў Беларусі сыстэму СПА, а беларуская апазыцыя — у лепшым выпадку нічога”.
Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/27140839.html
Адным словам, “усё прапала – і дзяржаўнасьць і незалежнасьць”! Усё, за што, паводле вызначэньня, адказвае тав. Някляеў у сваёй новай канторы. Зазначым, што эсхаталагічная логіка ягонага ляманту выклікана згаданымі вышэй прычынамі: паездкай мадам Ярмошынай і нерэгістраваньнем адной ініцыятыўнай групы. Што ж, логіка амаль «жалезная»!
Толькі ёсьць адзін чыньнік ва ўсёй гэтай гісторыі. Беларусы даўно пераканаліся і ведаюць тав. Някляева як (мякка кажучы) фігуру несамастойную. А кажучы больш выразна, як фігуру кіруемую. І зусім ня ўласнай воляй, сумленьнем ці яшчэ чым. Для тых, хто кіруе гэтай фігурай і аплочвае яе, вельмі важна, каб падчас “выбарчай кампаніі” загучалі гістэрычныя гуканьні наконт таго, што “прапала!”, “усё паглынуць!”, “страчаныя ўсе шанцы!” і падобнае. Гэта толькі першы крык-знак-заява ад таго, да каго (як мяркуюць арганізатары штучнай гістэрыі), беларусы павінны прыслухацца і паверыць яму. Пасьля гістэрыі павінен распачацца наступны – “канструктыўны” этап. Някляеў і падобныя яму патлумачаць нам, што трэба рабіць, вакол каго гуртавацца і г.д. Не сумняваемся, што гэтыя тлумачэньні і заклікі будуць такімі ж фальшывымі, як і сёньняшні лямант.
На такія спробы падсадных пасеяць паніку ў грамадзтве, здушыць яго волю да супраціву беларусы павінны спакойна адказваць, што ў выпадку спробы паглынаньня знойдзецца ў нас дастаткова людзей, якія стануць на абарону Айчыны і будуць абыходзіцца з ворагам у адпаведнасьці з нашай Канстытуцыяй, традыцыямі і прыродным правам. Калі вораг не адумаецца і захоча паняволіць наш народ, то ён знойдзе сябе магілу ў беларускай зямлі побач з сабачымі косткамі ўсіх папярэдніх заваёўнікаў (краязнаўцы могуць паказаць гэтыя месцы). І ніякія гістэрыкі палітычных жулікаў не заблытаюць беларусаў.
Алесь Хадасевіч