Мы ніколі яго ня бачылі, але мабыць ён чалавек малады – рэпарцёр белрэдакцыі Радыё Свабода І. Карней. Ён спыніў сваю ўвагу на чарговым кандыдаце ў прэзыдэнты – на “казацкім атамане” Улаховічы. Тытул карнееўскага опуса ўражвае глыбінёй і праніклівасьцю заяўленай аналітыкі – “Чый кандыдат атаман Улаховіч – Крамля ці адміністрацыі Лукашэнкі?” Гэта пры тым, што сам “атаман Таўрычаскі” з свабодаўскім Папандопулам размаўляць адмовіўся. Ніхто, дарэчы, ніколі ня чуў атаманскіх публічных выступаў. Гэта павінна быць каларытным, як і ўсё астатняе. Але нічога, сп. Карней не сумеўся і ўзмацніў сваю аналітыку філасофскімі разважаньнямі такога мацёрага чалавечышча, як вядомы правакатар А. Дзімітрыеў, узяўшы гэтыя разважаньні з апошняй дзімітрыеўскай зацемкі ў “дэмСМІ”. У зацемках прароча заяўлена, як “замест нацыяналістаў зьявяцца казакі”.
Даем цытату з опуса І. Карнея:
“Апошнія гады Мікалай Улаховіч сумяшчаў, як падавалася, несумяшчальнае — жыльлёва-камунальную гаспадарку, атаманства, камэрцыю і патрыятычную партыю”.
Крыніца: http://www.svaboda.org/content/cyj-kandydat-ataman-ulachovic/27138440.html
Аказваецца, вялікі патрыёт гэты атаман (у трактоўцы свабодаўскага карэспандэнта), нат нейкую “патрыятычную партыю” узначальвае. Вось толькі дэмрэпарцёр не патлумачыў адразу, што йдзецца пра адзін з шэрагу канторскіх фантомаў пад назовам “Белорусская патриотическая партия”. Што там за “патрыёты”, здагадацца не цяжка. Але пра паходжаньне атамана з падпалкоўніцтва савецкай арміі рэпарцёр не забыўся напісаць, хаця і ў самым канцы опуса. А так атаман не пакладаючы рук служыў у жыльлёва-камунальнай гаспадарцы (папулярная, як вядома, сінэкура для адстаўных ахвіцэраў-асаднікаў).
Сам на сваё тытульнае пытаньне сп. Карней так і ня даў адказу. Ды й нам таксама хацелася б задаць пару рытарычных пытаньняў.
Скажыце, а згаданая “адміністрацыя Лукашэнкі” – яна не ад Крамля? А ўсе гэтыя “кандыдаты” – яны не ад “адміністрацыі” і не ад Крамля?
Сяргей Камароўскі