Пачаўся выбарчы спэктакль

29 июля 2015 г.

Навіны

Пачалося “царства электаральнай дэмакратыі”. На вызначаных рэжымам месцах нават не ганяюць за Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Стой сабе і нічога табе не будзе. Гэта займаюцца зборам подпісаў групкі, якія за кандыдатку ў кандыдаты Т. Караткевіч. Яны, аказваецца, патрыёты.

У нас ёсьць палітычна відушчыя людзі, якія паведамілі грамадзтву, каго сабрала вакол сябе апэрэтачная “патрыётка” Караткевіч: правакатара Дзімітрыева, палымянага падтрымшчыка расейскай агрэсіі супраць Украіны Драко, ватажкоў Партыі псэўда-БНФ Янукевіча і Кастусёва ды падобных. Кампанія падабралася калібраваная, правераная ў баях і паходах. Кампанія фальшывых дэманстрацыйна накрылася нашай нацыянальнай сымволікай, імкнучыся гэтай мімікрыяй пераканаць грамадзтва, што яны і ёсьць носьбітамі нацыянальнай ідэі і альтэрнатывы. Выглядае гэта абсурдна і брыдка. Асабліва ў кампазыцыйным спалучэньні (падкрэсьлена “мірным” і “гарманічным”) з групкай агітатараў за начальніка рэжыму. Гэтыя, што за начальніка, выглядаюць нават неяк больш салідна і шчыра: яны за яго, пад ягонай сымволікай, “всё по-русски и от души”.

Дэмапэрэтка набірае абароты, пішчаць скрыпкі, тупаюць па сцэне абцасамі статысты-падтанцоўшчыкі, салістка ў пер’ях спрабуе разагрэць публіку…

Сымон Рудзік