Элегантная хлусьня з “Отдела внешних сношений РПЦ”
Пачытаць гэты тэкст ад мітрапаліта Іларыёна (Алфеева), дык проста з дэмакратам і гуманістам пазнаёміўся. І Сталін злачынца, і “победа народа” і іншае. Але ёсьць ва ўсім гэтым тое, што расейцы на сваёй мове называюць “хитрецой”. Гэта значыць, не грубая хлусьня з размахам, не нахабная, а гэткая мяккая, паўзучая, што не адразу кідаецца ў вочы.
Па-першае, трэба прадставіць герарха-бацюшку. Мітрапаліт Валакаламскі тав. Алфееў пастаўлены ў РПЦ кіраваць аддзелам зьнешніх зносінаў (міністэрствам замежных справаў). Памятаем, што цяперашні патрыярх Кірыла зрабіў сваю кар’еру менавіта на гэтай пасадзе, зь якой і пайшоў на самы Алімп РПЦ. Памятаем таксама, што ўсе служачыя РПЦ яшчэ ў сэмінарыях уступалі і ўступаюць у вядомыя “сношенія” з КГБ-ФСБ. Ну, а ўжо МЗС РПЦ – вядомы ворган Масквы на міжнароднай арэне, там спэцслужбоўскі адбор – як у касманаўты. Гладка сьцеле валакаламскі арцыбацюшка, а ягоны начальнік Кірыла нават у згаданым расстрэльным месцы Бутаве пад Масквой выступаў і памятныя знакі асьвенціў. Пазьней, што праўда, іншыя бацюшкі РПЦ у паўднёвай частцы Бутава асьвенцілі мэмарыял усім героям НКВД-КГБ-ФСБ. І былі гэта не нейкія адшчапенцы-ізгоі, і рабілі яны гэта “с высочайшего соізволенія”. І нічога, усё прайшло “кананічна”, з песьнямі, кадзіламі і вялікай рэпрэзэнтацыяй з Лубянкі і Крамля.
Па-другое, валакаламскі арцыбацюшка намудрыў наконт аднаўленьня РПЦ рукамі Сталіна (крывавымі рукамі). Той рабіў гэта не з ласкі да заходніх хаўрусьнікаў, а для таго, каб РПЦ дзейнічала перш за ўсё на ўнутраным фронце і разам з усімі рэжымнымі структурамі мабілізавала б савецкі народ на вайну ў абароне “царя і отечества”. Так і засталася структура РПЦ прыслужніцай крамлёўскіх паханоў. Менавіта адтуль выйшаў тав. Алфееў і ўсе іншыя (па-за вельмі рэдкім выключэньнем – тых, каго яны ад РПЦ адлучылі). І нічога, тав. Алфееў не пакаяўся.
Па-трэцяе, лепш за ўсё ім трэба было б каяцца не на словах, а на справах. Сабраць паству ды ісьці на помнікі Леніну, кадзіламі выганяць бесаў з гэтых знакаў. У Пісаньні сказана, што сатанінскія знакі трэба нават разбураць. Ды не, яны цудоўна зь імі (і з усім астатнім) ужываюцца. Нават абразы і помнікі з выявай Сталіна асьвячаюць. Мы ўжо ня кажам пра шалёную раскошу герархаў і драбнейшых папоў, пра паводзінавыя штучкі на вачах ва ўсяго грамадзтва, у якіх раскрываецца афіцэрска-спэцслужбоўская выпраўка гэтай публікі. Паводзяць яны сябе так ня толькі ў Расеі, але і ў нашай Беларусі. Што праўда, ва Украіне ім цяпер ня соладка. Там народ пачаў гнаць РПЦ прэч, украінцы – за родную аўтакефальную Украінску Праваслаўную Царкву.
Нічога, акрамя прыгожага фальшу, не засталося за душой у РПЦ – імпэрскай структуры, якая зьнікне разам з імпэрыяй зла.
Павел Гулевіч