“ДэмСМІ” Беларусі абаперліся на паведамленьні ад рэжым-СМІ і перапаведамілі нам пра чарговую дыпламатычную “качку” брусэльскай эўрабюракратыі. У Менск прыехалі высокатытулаваныя эўрарэвізоры. Форум называецца вельмі нефармальна – “без гальштукаў”. Без гэтага элемэнта адзеньня яны маюць наступную праграму: “дыскусіі кіраўнікоў міністэрстваў замежных спраў і тэматычнай сустрэчы з удзелам міністраў аховы навакольнага асяродзьдзя”. Усім кіруе (хто б сумняваўся) немец Ёганэс Ган, астатнія на падтанцоўцы. Абмяркоўваць з рэжымным начальствам яны зьбіраюцца “пэрспэктывы далейшага разьвіцьця “Усходняга партнёрства”.
*Крыніца: http://www.svaboda.org/content/eastern-partnership/27096696.htm*l
Абодва гатункі СМІ неяк “забыліся” паведаміць нам: “пэрспэктывы” чаго зьбіраюцца абмяркоўваць сабраныя ў кворум брусэльскія і менскія чыноўнікі? За даволі доўгі час пасьля абвяшчэньня ў Брусэлі праграмы “Усходняга партнёрства” беларусы так і ня ўбачылі хаця б які адзін, паасобны праграмны вынік. Па-за выключэньнем, аднак, некалькіх 2-дзённых камандыровак у Брусэль і яшчэ пару гарадоў “прадстаўнікоў беларускага грамадзтва” (дзеячыкаў з псэўдаапазыцыі). Там дзеячыкі пафатаграфаваліся, пасядзелі на венскіх крэслах і задаволеныя вярнуліся працягваць сваю фальшывую справу ў Беларусь.
Мяркуем, аднак, што ў бухгалтарскіх тэчках Эўразьвязу з першага дня згаданага “партнёрства” назіраецца бурная актыўнасьць, перш за ўсё фінансава-справаздачнага характару. Камандыровачныя, пад’ёмныя, прэміяльныя, траншы, гранты – і ўсё гэта, зразумела, на “пашырэньне дэмакратыі ў Беларусі”. Вось апошнім часам на гарадзкіх слупах у Менску зьявіліся налепачкі з партрэтам А. Лябедзькі і палымяным запрашэньнем запісвацца “валанцёрамі на збор подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты ад АГП”. Вядома з ранейшых электаральных гульняў АГП, што яны плацілі “валанцёрам” такія грошы за адзін подпіс, што ў людзей ад шчасьця вочы на лоб лезьлі. Так што нямецкія камісары і іхнія эўрападтанцоўшчыкі часу не марнуюць. Яны шчодра аплочваюць “празрыстыя і дэмакратычныя выбары ў Беларусі”, у краіне, дзе пануе акупацыйны аўтарытарны рэжым.
Толькі вось дзіўна, чаму робіцца ўсё гэта ў цьмянай (і крымінальнай) каляіне таемнай дыпламатыі? Узялі б і зрабілі публічную справаздачу: гэтым мы адвалілі столькі, а гэтым столькі – «всё на благо человека і его прав!» Здольныя на думаньне беларусы вельмі добра разумеюць грэкаў, якія прыкладаюць намаганьні для таго, каб пакінуць гэты эўрабалаган. Ня выключана, што ў будучыні народам трэба будзе арганізоўваць рымэйк Нюрнбэргскага трыбунала на тэму палітычных і фінансавых злачынстваў брусэльскага чынавенства.
Алесь Хадасевіч