“Служил в МВД СССР” і цяпер нам усё расказаў

6 июля 2015 г.

Навіны

Беларусы ўжо заўважылі: як толькі Масква і яе васальны рэжым у Беларусі пачынаюць нейкую чарговую кампанію па абалваньваньню насельніцтва (выбарчы фарс, скачок цэн і падобнае) альбо калі набліжаецца важная дата нацыянальнай гісторыі, у інфармацыйную прастору адразу закідваецца А. Клімаў, вядомы штукар палітычнага блазенства. Закінуты, ён ледзь прызямліўшыся, нават не адсьцёбвае парашут, а адразу пачынае выдаваць свой “мэсідж”. Людзі ўжо даўно зразумелі, што гэтая асоба ня можа ўспрымацца сур’ёзна ў любых справах дарослых грамадзян, што асоба патрабуе сталай псіхіятрычнай апекі. Але лялечнікі ня схільныя да гуманізма і, карыстаючыся безабароннасьцю кліента, бязьлітасна тузаюць за нітачкі.

З усяго, што гэтым разам агучыў кліент, найбольш цікавае – гэта папярэджаньне аб тым, што адразу пасьля выбараў “на следующий день мы будем присоединены к Российской Федерации по крымскому сценарию. Уже этой осенью.” Ёсьць у “мэсіджы” яшчэ кур’ёзнае. Напрыклад, папярэджаньне ў адрас галоўнага начальніка рэжыму, што “он даже живой им уже не будет нужен.” А таксама, што “за менее чем десять лет Россия вбухала в Беларусь более чем $100 миллиардов, списывает ежегодно долги, поставляет нам дешевые энергоносители”. Аказваецца, што мы з вамі – гэта мільёны халяўшчыкаў, якія значную частку свайго жыцьця пражылі за кошт Расеі-разбойніцы.

Крыніца: http://bdg.by/news/authors/andrey-klimov-belarusi-ostalos-sushchestvovat-do-vyborov

Чаму лялечнікі даверылі менавіта гэтаму кліенту агучыць такія даволі эсхаталагічныя інфармацыі? У прынцыпе бліжэйшы час дасьць адказ на гэта. Але ўжо цяпер можна меркаваць наступнае. Гэты і іншыя падобныя кліенты будуць на розныя лады муціць у галовах беларусаў, “деліться сокровенным”, “папярэджваць” і нават запалохваць. Зьявяцца яшчэ глобы і клікухі алексіевічы, калдуны і пацыенты, якія будуць рысаваць перад нашымі вачыма бліжэйшую будучыню. Адзіная мэта ўсіх гэтых масавікоў-зацейнікаў – здушыць волю беларусаў да супраціву, не дапусьціць, каб беларусы самы вырашалі свой народны і дзяржаўны лёс. Маўляў, апускайце рукі, усё ўжо наперад распісана за вас.

Тэарэтызаваць на гэты конт можна б было па-рознаму. Але на практыцы братні ўкраінскі народ паказаў усяму сьвету, як з голасам першага пеўніка абвальваецца змрочная і фальшывая д’ябальшчына, што імпэрскія ворагі нагарадзілі на роднай зямлі. Як ачышчаецца душа і паветра, як паганыя цені адпаўзаюць у свае крамлёўска-лубянскае логава. А народ распачынае салідарную працу па нармалізацыі свайго жыцьця.

Сяргей Камароўскі