Эсэсман – ”идеальный защитник Отечества”

6 июля 2015 г.

Навіны

У сувязі з эпідэміяй мілітарызма на прасторах РФ назіраецца шэраг мастацка-вобразных (а заадно і псіхічных) паталогій у грамадзкай прасторы “самой чітаюшчей страны в міре”. То прамову Пуціна з гітлерскай прамовы перапішуць, то эсэсаўцаў на танку “Тыгр” пад дэвізам “Спасибо деду за Победу” на плакаце намалююць. Гэта яшчэ што! Прамова прагучала і пайшла ў архіў, плакат вецер з дажджом дэфармуюць. Ну і няхай сабе. Але настаў час паталогій у граніце і мармуры – на тысячагоддзі! Вайскоўцаў 1941-45 гадоў ставяць у адзін прапагандысцкі шэраг разам з княскімі ратнікамі, царскімі гусарамі і іншымі, якія “за матушку-Русь”. Паводле дыягназу, гэта называецца “поиском корней” альбо “духовными скрепами”. А разумныя людзі даўно Маскву папярэджвалі, што на адным Леніне ды камісарах у скуранках далёка не паедзеш. Вось яно і настала.

І пайшло-паехала – “от Москвы до самых до окраин”! У далёкай тайзе, там дзе пакутвалі катаржнікі Расеі, адбыўся сымвалічны акт наладжваньня згаданых “скреп”. У пасёлку Сумкіна на Табольшчыне начальства (у сувязі з эпідэміяй) паставіла стэлу з выявай і надпісам. Не, каб пакорпацца ў архівах ды напісаць на стэле імёны сумкінцаў, што загінулі на фронце. Яны пайшлі ўшыркі і разам з “каларадскай стужкай” прысьвяцілі стэлу “защитникам Отечества во все времена”. А над стужкай пескаструменным спосабам выдзяўблі партрэт абагульненага “зашчітніка”. Вобраз атрымаўся ідэальны, вытанчаны і дзяўчатам падабаецца.

Ды вось “загогуліна какая”, галоўрэдактар газэты “Тобольская правда” Волкаў аказаўся чалавекам начытаным і адукаваным. Спачатку яму падалася падазронай форма стальной каскі на партрэтнай выяве. Такі галаўны ўбор насілі жаўнеры гітлерскага Вэрмахта, а ў пазьнейшыя часы ў іх хадзілі арміі, напрыклад, Швайцарыі, Эгіпта і Чылі. І тут Волкаў успомніў, што недзе ўжо бачыў гэтага сымвалічна абагульненага “сумкінца”. Пашукаў па закутках Сеціва і вось яно! Аказалася, што імя “земляка” было шырока вядомае. Але не на Табольшчыне, а ва ўсім ІІІ Райху. Малады чалавек Вэрнэр Гольдбэрг служыў у СС і пазіраваў для плакатыстаў зь ведамства доктара Гёбэльса. Менавіта зь ягонай “расава чыстай” фізіяноміі і вывелі ідэальнага “зашчітніка”, прычым як у гітлерскім Райху, так і ў пуцінскай Расеі.

Дзядуля Зыгмунт Фрэйд на гэта толькі паківаў бы галавой і патлумачыў бы, што вінаватае ва ўсім тое класічнае “Яно”, якое жыве ў падсьвядомасьці любога прыгнечанага комплексамі грамадзкага арганізма. Нам здаецца, што гэта невылечна.

Павел Гулевіч