Ва ўсіх цывілізаваных краінах заканчэньне ІІ Сусьветнай вайны адзначаецца як дзень памяці аб палеглых. Там гэты дзень не сьвяткуюць, няма што сьвяткаваць, столькі людзей загінула. Пад дырыжорствам Масквы “День Победы” на падпарадкаваных тэрыторыях даўно ператвораны ў дзікія палавецкія скокі, поўныя шалёнай ардынскай радасьці. Тым больш у нармальных грамадзтвах ніхто не сьвяткуе дзень пачатку той вайны – 1 верасьня або 22 чэрвеня. Да “весёлого праздніка-карнавала” у сябе і на акупаваных тэрыторыях дадумалася толькі ардынская Масква. Хаця позьні пуцінізм уносіць выразна макабрычныя рысы ў гэтую акупанцкую весялосьць.
Дзікія сцэны, нафільмаваныя 21 чэрвеня сёлета ў нашым Берасьці, — такога яшчэ ня бачылі апошнія пакаленьні беларусаў. Акупанты выбралі вельмі адэкватны дэвіз да сваёй лубянскай праграмы – “Завтра была война”. Экстрапалюючы ў часе і прасторы даўнюю рэтраспэкцыю, яны ўрачыста прэзэнтуюць свае сёньняшнія намеры. Монстры ў формах НКВД – гэта пакуль што акцёры і статысты. Але трэба ўспомніць, што ў такую форму ужо строіўся на парадзе 9 траўня сёлета адпаведны міністар дзейснага рэжыму. Яны папярэджваюць нас, што вайна будзе і будзе ў бліжэйшы час. Пакуль што яны не прызнаюцца, супраць каго яна будзе распачата на першым этапе, — супраць унутраных або зьнешніх ворагаў. Хаця адзін з “акцёрствуюшчых” цэлы дзень агучваў гараджанам свой вельмі адназначны тэкст пра “мы вам кішкі повытрясаем”. Беларусам пара зразумець, што акупанцкі карнавал становіцца жудаснай рэчаіснасьцю.
Пакуль што некаторыя з прысутных сьмяяліся, а некаторыя танцавалі “летку-енку”. А вось цьвярозыя і сур’ёзныя людзі павінны схамянуцца, задумацца і прыняць рашэньне. Блізкі час, калі прыйдзецца выбіраць – быць за родную Беларусь альбо стацца разам з сваімі сем’ямі “расходным материалом” для Імпэрыі Зла.
Сяргей Камароўскі