Дык што «думае Бог»?

18 июня 2015 г.

Навіны

“ДэмСМІ” ў Беларусі актыўна паведамляюць пра “устаноўчы зьезд” таго, што намагаецца заняць сабой нішу мясцовай хадэцыі. БХД урэшце дачакалася абяцанкі ад рэжыму зарэгістраваць яе. Паведамленьні “дэмСМІ” вытрыманыя ў пафасным тоне. Цытуем з праграмы БХД “самае пафаснае”:

1.2.5. Для нас нацыянальная ідэя – гэта не тое, што народ думае пра сябе ў часе, а тое, што Бог думае пра гэты народ у вечнасці. Мы пазнаем замысел Божы для Беларусі ў хрысціянскім змесце нацыянальнай ідэі, нацыянальных сімвалах, асаблівасцях менталітэту, гістарычнай місіі і культуры, асобах герояў. Для нас відавочна – нацыянальная свядомасць робіць веру ў Хрыста больш глыбокай, а вера адкрывае несвядомаму Радзіму. (Канец цытаваньня).

Гэта ж трэба было так закруціць! Тамаш Аквінскі і сьвятыя Геранім з Аўгустынам так ня здолелі б. І вось чаму. Таму што тэкст з “праграмы БХД” – гэта толькі да бляску нашмараваныя літары, прадмет фальшывай схаластыкі. Гэта з савецкага містычнага шэрагу: “Ленин живее всех живых!”, “Ленин жил, Ленин жив, Ленин будет жить” і падобнага. Яны толькі ўставілі слова “Бог” замест ключавога імя, папулярнага ў бальшавіцкай сэкце. (Але ў палітыцы са словам Бог трэба абыходзіцца вельмі асьцярожна.)

Мы перш за ўсё зьвяртаем увагу не на псэўдабагаслоўскі стыль наваяўленых містыкаў. Галоўнае палягае ў тым, што на працягу некалькіх гадоў пасьля свайго самаабвяшчэньня “БХД” не запомнілася якімі-кольвечы добрымі справамі. Хаця не, нечым жа запомнілася. Яе начальнікі і некалькі “актывістаў” актыўна ўдзельнічалі ў электаральных шоў антыбеларускага рэжыму, заклікалі беларусаў ісьці галасаваць і нават высоўваліся на кандыдатаў. Тое было, але падтрымка рэжыму – гэта дрэнная справа.

Увогуле хрысьціянскія партыі палітычна і вэрбальна звычайна арыентуюцца на ўсё грамадзтва (гэтага вымагае палітыка). Тым часам БХД увесь час дэманструе погляд і падыход нейкай хрысьціянскай сэкты (арыентацыя толькі на хрысьціянскіх вернікаў, прытым на адну канфэсію). Дзіўна ўсё гэта выглядае (для тых, хто не разьбіраецца ў прычынах).

Зразумела, што неўзабаве БХД (ужо цалкам легалізаваную) падключаць да фінансавых плыняў з мэтай апрацоўкі нашага грамадзтва і накіраваньня яго на бессэнсоўны выбарчы фарс. Тое, што яны кажуць цяпер (“ня пойдзем, пакуль ня вызваляць Статкевіча!”), абсалютна ня важна. Ўсё пойдзе па ўежджанай дарожцы.

Сяргей Камароўскі