Кожнаму беларусу ёсьць што сказаць і ёсьць чым дапамагчы сьветлай будучыні Беларусі

15 июня 2015 г.

Навіны

(Чэрвеньскі Сойм 2015 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

14 чэрвеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту, аб праграме будучыні Беларусі. З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Дакладчык нагадаў асноўныя палажэньні артыкула сп. Зянона Пазьняка «Што адбываецца і што можа быць», дзе выкладзены ідэі рэформ розных сэктароў беларускага грамадзтва, нацыянальнай дзяржавы, культуры, адукацыі, эканомікі і палітыкі. Сойму было прапанавана далучыцца да канструктыўнай дзейнасьці па распрацоўцы форм і мэтадаў прагрэсіўных пераўтварэньняў у бліжэйшай будучыні, калі Беларусь будзе вызвалена ад акупацыйнага антынацыянальнага рэжыму і адкрыецца магчымасьць для нармалізацыі нашага дзяржаўнага, нацыянальнага, культурнага і эканамічнага жыцьця. Дакладчык падкрэсьліў, што ў рамках гэтай агульнай тэмы не разглядаюцца шляхі ліквідацыі антыбеларускага рэжыму. Гэта ёсьць асобная тэма і асобная дыскусія. Але ўвесь наш народ, наша нацыянальная эліта павінны быць гатовымі распачаць працу па адраджэньню Бацькаўшчыны з першага дня вызваленьня.

Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны запрапанавалі распачаць распрацоўку праграмы рэформ з дапамогай усяго грамадзтва. Кожнаму чалавеку ёсьць што сказаць і чым дапамагчы агульнай справе. Кожны, хто прагне шчасьця сябе, сваёй сям’і і свайму народу, павінен выкарыстаць свае здольнасьці, адукацыю, жыцьцёвы і прафэсійны досьвед у распрацоўцы мадэлі жыцьця ў вызваленай Беларусі. Людзі не павінны баяцца, што «не валодаюць класічнымі ведамі і заканадаўчай лексікай». Мы ствараем разам не акадэмічны трактат, а канструктыўны план разьвіцьця нашай краіны. Кожная сьветлая думка, кожная практычная прапанова ад любога чалавека будуць унёскам у агульную скарбонку беларускай ідэі і ў яе рэалізацыю. Дыскусія павінна разгарнуцца па ўсяе краіне, бо паўсюль ёсьць разумныя, вопытныя, адукаваныя людзі.

Сябры Сойму выказалі першыя прапановы ў праграму народных рэформаў. Было прынята як аксіёма, што ў вызваленай Беларусі кожны грамадзянін будзе мець права далучыцца да стваральнай працы, раскрыць і рэалізаваць свае здольнасьці. Нават тыя людзі, якія цяпер не падтрымліваюць ідэю вызваленьня Беларусі. У беларускай дэмакратычнай дзяржаве ўсім будуць дадзеныя магчымасьць і права быць лаяльнымі грамадзянамі. Сябры Сойму заявілі пра неабходнасьць прыняцьця тэрміновых захадаў па выратаваньню беларускай культуры, мовы і школы, па падтрымцы беларускіх талентаў.

Былі выказаны прапановы па накірунках зьнешнепалітычнага разьвіцьця Беларусі, па ўмацаваньню сувэрэнітэту дзяржавы, па неабходнасьці арыентацыі на дэмакратычныя, высокаразьвітыя краіны, умацаваньне адносінаў з краінамі Балта-Чарнаморскага рэгіёну. Вызначыліся спэцыялісты па розных галінах дзейнасьці, якія будуць каардынаваць збор і аналіз інфармацыі і практычных прапаноў у рамках працы над праграмай народных рэформ.

Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні партыйнай працы.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

14 чэрвеня 2015 г.