Апошнімі днямі дэмСМІ і рэжымСМІ паведамляюць нам пра мілітарную актыўнасьць на Гомельшчыне, а менавіта на беларуска-украінскай мяжы. Як вядома, у братняй беларусам Украіне працягваецца абарончая вайна супраць маскоўскіх агрэсараў. Вельмі многія памятаюць, як начальнік антыбеларускага рэжыму казаў, што “беларусы павінны быць гатовыя паміраць за Расею”. Таму ня дзіва, што згаданая актыўнасьць (камандна-штабныя вучэньні) выклікаюць да сябе павышаную ўвагу нашага грамадзтва.
Вось што, напрыклад, паведаміла па тэме белрэдакцыя Радыё Свабода 5 чэрвеня, спасылаючыся на прэс-службу мінабароны РБ. Цытуем:
“Дзеля праверкі сыстэмы ўзмацненьня аховы дзяржаўнай мяжы і тэрытарыяльнай абароны ў бок Украіны накіраваны спэцназ і гвардзейцы ў суправаджэньні гелікоптэраў”.
Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/27055989.html
Прызнаем, што паведаленьне мінабароны сапраўды вельмі дакладнае і ёмістае. Гэтага было б дастаткова, каб разабрацца ў сытуацыі. Але дзе ж там, белрэдакцыя РС узялася паразважаць на загаданую тэму і высьветліць усё яшчэ глыбей і як мага больш нефармальна. Як заўсёды РС запрасіла на спэцкамэнтар свайго (і ня толькі свайго, ён камэнтуе і ў рэжымСМІ) ваенспэца А. Алесіна. Ваенспэца сапраўды ўпадабала мясцовая публічнасьць, якая любоўна называе яго “Аніка-воін”. Публічнасьць толькі пытаецца: а якую ваенакадэмію закончыў тав. Алесін, у якіх баталіях браў удзел, а можа ён паклаў здароўе, корпаючыся ў вайсковых архівах? Аднак абодва вышэйзгаданыя віды СМІ маўчаць на гэты конт і не выдаюць ваенную таямніцу тав. Алесіна. Ну, ды няхай сябе. Сёньня мы не пра гэта.
Мы пра камэнтар “ваенспэца”. Вось як «шэдэўральна» тав. Алесін падвёў рысу пад дзеямі Марса на Гомельшчыне. Цытуем:
“Я лічу, што Ўкраіна нават і не нагода. (…) З гледзішча вялікай палітыкі нязручна праводзіць такія вучэньні менавіта на мяжы з Расеяй. На мяжы з Украінай гэта выглядае больш-менш апраўданым. На мяжы з Латвіяй, Літвой, дзе ідуць вучэньні НАТО, непажадана. На мяжы з Польшчай, зь якой у нас нібыта наладжваюцца стасункі, таксама непажадана. Але там ідзе адпрацоўка дзеяньняў па ўсім пэрымэтры нашай мяжы. Гэта няважна, што менаваіта на гэтым участку”.
Ведаеце, опусы тав. Алесіна даўно ўжо трэба пасылаць на які-небудзь прэстыжовы конкурс гумару і сатыры, напрыклад, “Залаты Астап” у Адэсу. Ансамбль песьні-і-танцу Чырвонасьцяжнай Белваенакругі ў падэшвы ня варты аднаму такому салісту арыгінальнага жанру. Калі гэтыя опусы дэкламаваць (у перакладзе на чэшскую з маскальскай, бо “Аніка” ня ўмее па-беларуску) у півярне “Ваяк Швэйк” у Чэскіх Будзяёвіцах, то воплескі, сьмех і захапленьне забясьпечаныя. Асабліва што да фінальнага сказу наконт “гэта няважна, што менавіта на гэтым участку”. У спэца пытаюцца: “А чаму “Ы”?…” І спэц адказвае: “А каб ніхто не здагадаўся!”
Але ў РС усё па поўным сур’ёзе і ніякага сьмеху. Яны нават зьмясьцілі фота тав. Алесіна разам з тэкстам. Ягоная паўфігура мае шыльдачку на беларускай мове і разьмяшчаецца на фоне мэмарыяльнай шыльды, на якой згадваецца БНР, 25 Сакавіка, — “спэц”, такім чынам, зусім не падсадны жулік, ён “овеян ветрами белорусской истории”. Над такім не пасьмяешся. Будзьце ўпэўненыя, як пачнецца што-небудзь, то РС з экспэртамі ўсё нам апэратыўна растлумачаць. Можна спаць спакойна.
Сымон Рудзік