Іх абавязкова знойдуць
4 чэрвеня 2015 г. латвійская газэта “Diena” паведаміла, што ў прыгарадзе Парыжа памёр 76-гадовы Леанід Плюшч, адзін з выдатных украінскіх дысыдэнтаў-антысаветчыкаў. Маладога матэматыка арыштавалі ў 1972 г. ў Кіеве, абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасьці. На працягу двух гадоў яго катавалі ў псіхушках. У 1975 г. дзякуючы шырокаму пратэсту за Захадзе Плюшча вызвалілі, ён выехаў на эміграцыю ў Францыю. Менавіта ягоныя сьведчаньні дазволілі тады зразумець маштабы і мэтады гэбоўска-савецкай тэрарыстычнай псіхіатрыі.
Наш камэнтар: Вядомыя імёны і лёсы многіх ахвяраў гэбоўскай “псіхіатрыі”. Але яшчэ ўсур’ёз ніхто не займаўся імёнамі і кар’ернымі лёсамі катаў гэтай “псіхіатрыі”. А лёсы гэтыя бываюць “пакручастымі”. Вядома, напрыклад, што некаторыя з гэтых “лекараў”, якія катавалі антысаветчыкаў у Навінках і іншых месцах БССР, камфортна жывуць цяпер у ЗША. Гэтую тэму беларускія патрыёты не пакінуць у архівах. Злачынцаў (дзе б яны не знаходзіліся) чакае суд і пакараньне. Алесь Хадасевіч
Нішто не забыта
5 чэрвеня 2015 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра скандал у ЗША. Журналісты амэрыканскага партала ProPublica і National Public Radio апублікавалі сваё рассьледваньне дзейнасьці Чырвонага Крыжа ЗША. Пасьля разбуральнага землятрусу на Гаіці ў 2010 г. гэтая дабрачынная арганізацыя прыняла да паўтара мільярда даляраў ахвяраваньняў. Журналісты наведалі Гаіці і сьцьвярджаюць цяпер, дэманструючы факты і сьведчаньні людзей, што на гэтую суму Чырвоны Крыж ЗША пабудаваў роўна шэсьць дамоў. Высьветлілася таксама, што ў 2010 год арганізацыя прыйшла зь вялікімі фінансавымі цяжкасьцямі і непакрытымі пазыкамі. Вядома, што там тады ўзрадваліся магчымасьці сабраць пад землятрус пабольш грошай.
Наш камэнтар: З Чырвоным Крыжом РБ усё даўно зразумела. Нават рэжыму не ўдалося схаваць шэраг карупцыйных злачынстваў дзеячаў гэтай канторы. Але значна больш сур’ёзныя пытаньні паўстаюць на адрас заходніх і мясцовых разьмеркавальнікаў вялікай гуманітарнай дапамогі, якая на працягу гадоў ішла з усяго сьвету ў Беларусь пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Замест таго, каб арганізаваць цывілізаванае перасяленьне насельніцтва з атручаных радыяцыяй раёнаў і гарадоў у адбудаваныя гарады і паселішчы на чыстых тэрыторыях, каласальныя сродкі былі змарнаваныя на будоўлю і разьвіцьцё паселішчаў у месцах, дзе нельга жыць людзям. Нават вялізныя мэдычныя цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны былі пабудаваны не ў чыстых зонах. Карупцыя ішла рука ў руку з жаданьнем замацаваць беларусаў на атручанай зямлі. Потым начальнік рэжыму заявіў пра “рэабілітацыю радыяцыі”… Пасьля краху прамаскоўскага рэжыму ўсе гэтыя пытаньні будуць высьвятляцца ў судовым парадку. Юрка Марозаў
Афрыка перасяляецца ў Эўропу
6 чэрвеня 2015 г. ангельская газэта “Independent” апублікавала зьвесткі брытанскага ваеннага флёту, які патрулюе каля берагоў Лібіі. Афіцэры паведамляюць, што ў гэтай краіне сабралося да паўмільёна афрыканцаў з розных краін, якія рыхтуюцца пераплыць мора на лядашчых суднах, каб апынуцца ў Эўропе. Кіруюць перавозкай адмысловыя банды дзялкоў.
Наш камэнтар: Драматычны Exodus вялікіх масаў людзей з Афрыкі ў Эўропу адбываецца ўжо каля двух гадоў. Падзеі аналізуюць заходнія дзяржаўныя дзеячы, вайсковая выведка, палітыкі, навукоўцы, сацыяльныя работнікі, журналісты і г.д. І ніхто (ніхто!) па-сапраўднаму не паставіў пытаньне аб цэнтрах (або цэнтры) і прычынах, якія дэтэрмінавалі гэтыя драматычныя працэсы, што маюць характар масавага псіхоза і сацыяльнага выбуха вялікай магутнасьці. Ніхто не задаецца пытаньнем: а чаму ўсё гэта (у такіх каласальных маштабах) пачалося так раптоўна, нібыта нехта махнуў чырвоным сьцяжком і гукнуў гагарынскае “Поехали!” — ? А спыніць гэты кашмар можна толькі пасьля таго, як будуць ускрытыя сілы і структуры, якія стаяць за гэтым. Калі будзе знойдзены адказ на пытаньне: каму гэта выгадна? Пакуль мы бачым, што дэстабілізацыя Заходняй Эўропы выгадная выключна Маскве.
Юрка Марозаў
Пуцін хлусіць, а яны і радыя
6 чэрвеня 2015 г. вугорская газэта “Nepszabadsag” напісала пра выказваньні Пуціна ў інтэрв’ю для італьянскіх журналістаў. Пуцін сказаў: “Толькі псіхічна хворы чалавек можа ўявіць сабе, што Расея хоча напасьці на НАТО”.
Наш камэнтар: Гэтую сэнтэнцыю падхапілі і паўтараюць усе без выключэньня СМІ сьвету. Ня трэба забывацца, аднак, пра статыстычныя падлікі ў рамках кантэнт-аналізу, што правялі пасьляваенныя заходнія гісторыкі. Самым каронным словам Гітлера да восені 1939 г. было наступнае – “мір!” Ён паўтараў яго, а за ім уся гёбэльсаўская махіна фашыстоўскай імпэрыі…
Юрка Марозаў
У Данбасе катуюць, а ў Каўнасе сумняюцца
6 чэрвеня 2015 г. летувіская газэта “Kauno Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Сэпаратысты катавалі ўзятага ў палон украінскага вайскоўца і прымушалі хлусіць?” Тытульнае рытарычнае пытаньне тычыцца ўкраінскага жаўнера Рамана Марчанкі, які патрапіў у палон у баі за Мар’інку на Данбасе. Расея паказвае па тэлеканалах гэтага чалавека, які кажа, што ўкраінскія войскі першымі пачалі артылерыйскі абстрэл жылых кварталаў Данецка 3 чэрвеня сёлета. Маўляў, гэта паслужыла прэтэкстам для расейскай атакі на Мар’інку.
Наш камэнтар: Мы б параілі летувіскім газэтчыкам ня ставіць лішнія тытульныя пытаньні. Няхай лепш спытаюць у ковенскіх вэтэранаў антырасейскай партызанскай вайны. Тыя ім распавядуць, катавалі іх ці не, калі яны траплялі ў палон НКВД. Раім ім таксама уважлівей углядацца ў тэлевыяву “прызнаньняў палоннага”. У яго на твары жывога месца няма, гэты чалавек прайшоў праз зьверствы расейскіх акупантаў. Трэба ўсім быць уважлівей і адмовіцца ад запытальнай рыторыкі. Бо каты могуць уварвацца ў твой нацыянальны дом, а нехта ў сваю чаргу ў гэты час будзе ўдаваць рыторыку.
Юрка Марозаў
Маскалі страляюць, а «піндосы» п’юць
6 чэрвеня 2015 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” цытавала Генадзя Маскаля, губэрнатара Луганскай вобласьці, прызначанага на пасаду кіеўскімі ўладамі. Ён заявіў, што назіральнікі ад АБСЭ “пьюць віскі і піва” зь вечара да раніцы, замест таго, каб назіраць за выкананьнем мірных менскіх дамоўленасьцяў.
Наш камэнтар: Усьлед за гнілой ФІФА сваю непатрэбнасьць і разбэшчанасьць дэманструе яшчэ адна міжнародная арганізацыя. Зь “місіяй АБСЭ” і яе нямецкім начальнікам у Менску Гансам Вікам беларусы пазнаёміліся яшчэ гадоў 16 таму. Ужо тады было зразумела, што гэта за кантора і што там кіруе тандэм Масква-Берлін.
Алесь Хадасевіч