Фэльетон часу: Шчырыя фармулёўкі

7 июня 2015 г.

Навіны

Гэтым разам мы ацанілі адкрытасьць, празрыстасьць, шчырасьць і што там яшчэ ў маналогу генсека «партыі Галіхвэ» (псэўда-БНФ) для Радыё Рацыя. Маналог называецца па-ленінску проста – “Чаму Партыя БНФ падтрымала кандыдатуру Таццяны Караткевіч?” Чытаецца гэтая “праўда-матка”, як рамантычная паэзія пра першае каханьне да непрыкметнай асобкі, у якой закаханы раптам знайшоў вялікія вабноты і духоўныя каштоўнасьці. А што, у жыцьці бывае. Цытуем:

“Калі мы прымалі рашэнне, мы ў першую чаргу галасавалі не за тое, каб канкрэтна Таццяна Караткевіч і менавіта яна была вылучана. Тут асоба на другім плане. Самым галоўным было адзінства і супольная праца. Што тычыцца самой кандыдатуры Таццяны Караткевіч, яна, можа быць, не так шырока вядома. Але, з іншага боку, на сённяшні момант мы выдатна разумеем, што няма, на вялікі жаль, у апазіцыі ніводнага прадстаўніка, няма ніводнай асобы, якая была б гатова супрацоўнічаць з апазіцыяй, чый рэйтынг вядомасці, падтрымкі быў бы параўнальны з рэйтынгам Аляксандра Лукашэнкі. Таму на гэты конт мы таксама не маем ніякіх ілюзіяў. Мы разумеем, што падчас гэтай кампаніі давядзецца „раскручваць” як саму асобу Таццяны Караткевіч, так і тую праграму, з якой яна пойдзе”.

*Крыніца: http://www.racyja.com/palityka/chamu-partyya-bnf-padtrymala-kandydatu*/

Аказалася, што шыхтуючы псэўда-масы на “электаральную барбу” за сваю абраньніцу, генсек і ўсё іхняе Палітбюро нават не пазнаёміліся з “рэйтынгам невядомай кандыдаткі”. Аднак, яны прызнаюцца, што “ілюзіяў яны ня маюць” і будуць “раскручваць асобу” ужо падчас кампаніі.

Ёсьць і яшчэ адно шчырае прызнаньне – “тую праграму, з якой яна пойдзе”. Гэта значыць, што праграмы ў абраньніцы няма. Можа яна і ёсьць, але сакрэтная, якую трэба хаваць нават ад Галіхвэ, якія шыхтуюцца на тваю падтрымку. Прызнацца, такой вадэвільнай інтрыгі яшчэ не было на электаральных шоў з удзелам падстаўной псэўдаапазыцыі.

Алесь Хадасевіч/