Яны доўга езьдзілі ў Беларусь стараліся вучыць нас “расейскай дэмакратыі”. Да іх езьдзілі вучыцца і па “фінансавыя ўліваньні” вінцучкі і лебедько. Яны ўрэшце рэшт ішлі ў крамлёўскую ўладу “служыць інтарэсам Расеі” (адкуль, пакарыстаўшыся імі, крамлёўцы-лубянцы вытурвалі іх). Яны называлі сябе “спадчыньнікамі дзекабрыстаў і Герцэна”. І вось яны раскрыліся.
“Паплечнік Нямцова” Ільля Яшын (з кіраўніцтва партыі пад мудрагелістым тытулам “РПР-Парнас”) прыехаў у Кіеў і выдаў там сваю праграму ўрэгуляваньня справы расейскай агрэсіі і расейскай акупацыйнай палітыкі. Цытуем:
“Я цалкам дапускаю, што адным з варыянтаў выхаду з гэтага крызісу можа быць стварэньне такой тэрыторыі ў Крыме, на якую б распаўсюджваўся сувэрэнітэт Расеі і сувэрэнітэт Украіны, калі гэта задаволіць нашых украінскіх сяброў і калі гэта гарантуе, што кроў ня будзе пралівацца”.
А яшчэ адзін сьвятоша расейскай дэм-псэўда-апазыцыі А. Навальны яшчэ раней заявіў быў: “Давайце ня будзем падманваць сябе. І ўкраінцам я моцна раю таксама не падманваць сябе. Крым застанецца часткай Расеі і больш ніколі ў агляднай будучыні ня стане часткай Украіны”.
*Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/27037743.htm*l
Каму справа “расейскай дэмакратыі” была не да канца зразумелай, той цяпер зразумее яе лепш. Украінцам прапануецца кампраміс з імпэрскім захопнікам. Той захопіць яшчэ што-небудзь у чарговага народа, а там раз – і чарговы кампраміс. І так яно (паводле канцэпцыі “паплечнікаў Нямцова”) павінна адбывацца “да апошняга мора”, як у мангольскай арды.
Аднак, сярод аргумантаў народаў ёсьць адзін, аб’ектыўнага характару. Маскве цяпер самы час заняцца кампрамісам з кітайскімі таварышамі наконт кітайскай Сібіры. А што, на пачатку можна абвесьціць Сібір адначасовым сувэрэнітэтам РФ і КНР. І гэта задаволіць нашых кітайскіх сяброў…
Сяргей Камароўскі