Спаслалася і напісала
24 траўня 2015 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала зь Беларусі. Журналістка Малгажата Выжыкоўска спаслалася на Радыё Свабода і паведаміла пра кандыдатаў на наступныя прэзыдэнцкія выбары, якія “будуць канкурэнтамі Лукашэнкі”: пра Калякіна, Гайдукевіча, Лябедзьку. А Някляева яна камэнтавала так: “яго найбольш падтрымліваюць апазыцыйныя палітыкі”.
Наш камэнтар: Вось такі боб з гарохам у адной зь вядучых газэт Польшы на тэму палітычных тэндэнцый у суседняй краіне (дзе, дарэчы, стаяць расейскія войскі і актыўна русіфікуецца войска Беларусі). Гэта такая вось “аналітыка” пасьля праслухоўваньня Радыё Свабода. Цікава, а ў 1939 годзе ў Варшаве палітычная аналітыка наконт Усходу была, відаць, такога ж узроўню?
Юрка Марозаў
Расчалавечваньне ў Ірляндыі
26 траўня 2015 г. нямецкая газэта “Suedeutsche Zeitung” напісала пра вынікі нядаўняга рэфэрэндуму ў Ірляндыі, дзе будуць узаконены гомасэксуальныя шлюбы. Дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал П’етра Паралін назваў гэты вынік “паразай чалавецтва”.
Наш камэнтар: Садамія падмяла пад сябе чарговую эўрапейскую краіну. Каталіцкую Ірляндыю! Хрысьціяне, псіхічна нармальныя людзі павінны б былі бараніць жыцьцё ад пошасьці.
Алесь Хадасевіч
Плады разбэшчанага грамадзтва
27 траўня 2015 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” паведаміла з Аўстраліі. 26-гадовая аўстралійка перайшла была ў іслам. На фота ў газэце – яна ў чорным хіджабе і двое яе малых дзяцей. Нядаўна яна пакінула дзяцей на нянечку і паехала на вайну ў такзваную Ісламскую Дзяржаву на Блізкі Усход.
Наш камэнтар: У заходніх СМІ усё больш паведамленьняў пра перасоўваньне асобаў у чалмах (але з заходнімі пашпартамі) з Брытаніі, Францыі і г.д. на вайну супраць хрысьціян на Усходзе. Сярод іх вельмі шмат маладых жанчын у хіджабах. Спрацоўвае экзатычная міна, якую заклалі пад эўрапейскае грамадзтва разбэшчаныя лібэралы-сацыялісты.
Алесь Хадасевіч
Крамлёўскі сьлед
27 траўня 2015 г. іспанская газэта “АВС” напісала пра падзеі ў паласе Газы. Мінулым летам, калі Ізраіль праводзіў антытэрарыстычную апэрацыю ў гэтай зоне, палестынская арганізацыя Хамас зьдзейсьніла 23 пазасудовых пакараньні сьмерцю прыхільнікаў другой палестынскай арганізацыі – Аль Фатах. Хамасаўцы таксама катавалі сваіх праціўнікаў. Пра гэта паведаміла Amnesty International.
Наш камэнтар: Нагадаем, што садысты з Хамасу рэгулярна езьдзяць у Маскву. Мяркуем, што яны ў Крамлі не гарбатку п’юць. Тут відаць яшчэ адно міжнароднае злачынства імпэрскага рэжыму.
Юрка Марозаў
Пячатка часу
27 траўня 2015 г. французкая газэта “Le Figaro” паведаміла з Швайцарыі. У Цурыху раніцай паліцыя распачала апэрацыю ў гатэлі, дзе спыніліся кіраўнікі міжнароднай арганізацыі па футболу ФІФА. Ужо застрыманы шэраг гэтых кіраўнікоў, якія сабраліся ў Цурыху на штогадовую канфэрэнцыю ФІФА. Зь імі вядуцца сьледчыя мерапрыемствы. Іх абвінавачваюць у карупцыі, адмываньні грашэй, парушэньні законаў. У цэнтры ўвагі – прызначэньне фіналаў чэмпіянату сьвету па футболу, якія адбудуцца ў 2018 і 2022 гг.
Наш камэнтар: Нагадаем, што чэмпіянат 2018 года быў прызначаны праводзіцца ў Расеі, а 2022 г. у Катары. Вышэйшая спартовая намэнклатура ўзяла вялікі хабар у Масквы і арабскіх шэйхаў. Пра гэта даўно вяліся размовы ў спартовых колах. Цяпер з гэтым будзе разьбірацца сьледства. Гніеньне міжнародных структур – адна з прыкмет нашага часу.
Юрка Марозаў
Збочаная «пабеда»
27 траўня 2015 г. італьянская газэта “Corriere della Sera” напісала пра скандал у Расеі. Міс Расея-2015 Сафія Нікітчук сфатаграфавалася для вокладкі расейскага часопіса “Стольнік”. “Міс” голая, але абматала вакол часткі цела расейскі трыкалёр. Рэдакцыя часопіса патлумачыла, што гэта зроблена ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі. На вокладцы бачныя тытулы-анонсы: “Вкус победы”, “Внуки ветеранов ко Дню Победы”. “Унучка вэтэранаў” цяпер сталася аб’ектам сьледства, узбуджанага пракуратурай Сьвярдлоўскай вобласьці.
Наш камэнтар: Яшчэ адзін акт збачэнства на глебе фальшывай маскоўскай шуміхі пра “победу”.
Алесь Хадасевіч