Расея заўсёды здраджвае сваім жаўнерам

1 июня 2015 г.

Навіны

Мы з такім зьдзіўленьнем назіраем, як Расейская дзяржава адракаецца ад сваіх жаўнераў, захопленых на тэрыторыі Украіны, нібыта калісьці раней яно было інакш. Расея мае два асноўныя прынцыпы адносінаў да палонных: сорам і агіда. Сорам – таму што гэты агрэсар практычна ніколі не прызнае, што гэта ён нясе бяду ў чужыя дамы. І агіду – таму што ён нічога ня хоча ведаць пра самую магчымасьць паразы, ён не гатовы зьлітасьцівіцца над тымі, што патрапілі ў палон – нават калі гэта свае.

Пра трагедыю савецкіх ваеннапалонных у гады Другой сусьветнай вайны напісаны тамы – галоўным чынам заходнімі гісторыкамі. Людзі, што апынуліся ў палоне з прычыны бяздарнасьці ўласнай улады, якая разьлічвала на хаўрус з Гітлерам, і некампэтэнтнасьці вайсковага камандваньня, значна аслабленага рэпрэсіямі 30-х, узводзіліся афіцыйнай прапагандай у ранг здраднікаў. Ідыёцкая сталінская фраза “я жаўнераў на генэралаў не мяняю”, якая тычылася лёсу ягонага ўласнага сына Якава і ілюстравала чалавечую нікчэмнасьць чырвонага ўзурпатара, успрымалася ягонымі падданымі зь непадробным захапленьнем. І нярэдка людзі, што прайшлі праз канцлагеры Гітлера, апыналіся ў канцлагерах Сталіна.

А потым? А потым усе гэтыя незьлічоныя воіны-інтэрнацыяналісты, прыналежнасьць якіх да Савецкай Арміі і спэцслужбаў СССР ніхто ніколі не прызнаваў. Хіба Савецкі Саюз ваяваў у Афрыцы? На Блізкім Усходзе? Ды й у Аўганістане – там жа савецкі кантынгент проста дапамагаў аўганскай арміі будаваць мірнае жыцьцё. А нядаўняе мінулае? Калі генэрал Грачоў паабяцаў прэзыдэнту Барысу Ельцыну ўзяць Грозны адным палком – і гэты полк аказаўся разгромлены апалчэнцамі прэзыдэнта Чачэніі Джахара Дудаева – хіба нехта прызнаў, што гэта былі расейскія вайскоўцы? Зусім не – прыхільнікі апазыцыі. Ну і цяперашнія палонныя – “салдаты ЛНР”, аб службе ў міліцыі якой яны, падобна, упершыню даведаліся толькі ў кіеўскім шпіталі.

А цяпер успомнім аб тым, як Ізраіль з-за аднаго жаўнера – аднаго! – вёў шматгадовыя перамовы, гатовы быў вызваліць тэрарыстаў, сярод якіх, дарэчы, былі куды больш важныя з пункту гледжаньня нацыянальнай бясьпекі краіны фігуры, чым адважная ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка – з пункту гледжаньня Расеі. І такіх прыкладаў – вялікае мноства. Зразумела, да рашэньняў аб абмене можна ставіцца па-рознаму, але ў любым выпадку сапраўдны патрыятызм – гэта спачуваньне да ўласнага грамадзяніна, а не апантаныя лёзунгі па тэлевізару.

А Расея заўжды дэманстрацыйна паварочваецца да сваіх плячыма, калі яны трапляюць у бяду. Віталь Портнікаў

Пераклаў з расейскай В. Буйвал Крыніца: “Главред”