Беларусам, якія апынуліся ва Украіне ў гэтыя травеньскія дні, давялося наслухацца рознага. Як толькі ўкраінцы даведваліся, што маюць дачыненьне з паўночнымі суседзямі зь Менску або Гомеля, твары многіх зь іх набывалі выраз суровасьці. Яны адмахваліся ад беларусаў рукамі і рэзка гукалі: “Гэта ўсё вы з армянамі! Эўропа ўжо хацела ў Рызе даць Украіне бязьвізавы рэжым, а беларусы з армянамі прагаласавалі супраць. Мы б у Эўропу езьдзілі бязь візаў, каб ня вы з армянамі. Усё наладзілася б, каб не вы!..”
Беларусы спрабавалі патлумачыць суседзям, што ні яны, ні армянскія грамадзяне ў Рызе на канфэрэнцыі “Усходняга партнёрства” не былі і ні за што не галасавалі. Што начальнікі прамаскоўскіх рэжымаў, якія з волі Масквы кіруюць рэгрэсіўным разьвіцьцём у Менску і Ерэване, не прадстаўляюць народы, а якраз наадварот… Ніхто не хацеў слухаць гэтыя словы і тлумачэньні. Украінцы адразу забыліся Нігасяна і Жызьнеўскага, якія загінулі на Майдане за вызваленьне Украіны. У іх у душы застаўся горкі асадак і пабытовае раздражненьне.
Спакойны аналіз таго, што адбылося ў Рызе, сьведчыць пра непазьбежнасьць менавіта такога накірунку разьвіцьця падзеяў пад знакам “Усходняга партнёрства”. І справа гэтым разам нават не ў Крамлі і двух паслухмяных фігурках у руках Крамля, якімі імпэрскі гулец зрабіў менавіта такі “е2 – е4”. Не пакідае адчуваньне таго, што так яно ўсё й было задумана абодвума галоўнымі гульцамі па розныя канцы шахматнай дошкі.
Бясконцай наіўнасьцю было думаць, што Брусэль-Берлін-Парыж сапраўды імкнуліся да ўсталяваньня безвізавага рэжыму для Украіны або для Малдовы і Грузіі. Асабліва для Украіны, дзе ідзе вайна супраць маскоўскай агрэсіі. Эўразьвяз не хацеў ні канфлікту з агрэсіўнай Масквой, ні магчымага прытоку вялікай колькасьці людзей з Украіны (перш за ўсё зь яе), Грузіі і Малдовы. Кіраўніцтва Эўразьвязу і яго краін-членаў маюць вялікія праблемы з цунамі ўцекачоў з Афрыкі (мяркуем, што праз пэўны час раскрыецца, што за актывізацыяй гэтай гуманітарнай катастрофы стаіць Масква, якая мабілізавала свае структуры ў нестабільнай Афрыцы). Ды й Маскве ня трэба запалохваць лішні раз эўрапейскі істэблішмэнт, як яна палохала беднага Сержа Саргсяна. Яны й без таго палахлівыя, яны самы хочуць захаваць свае стабільныя адносіны з Расеяй і прыток адтуль сібірскіх энэрганосьбітаў.
Кіраўніцтва Эўразьвязу і ня думала даваць бязьвізавы рэжым краінам “Усходняга партнёрства”, усё гэта было прапагандысцкай хімерай і пустой дэкларацыяй аб неіснуючым намеры. Уся махінацыя была заранёў распланавана разам з Масквой. Проста маскоўскі гулец зрабіў папярэдне вызначаны ход дзьвюма фігуркамі, якія былі ў ягоных руках. І можна сказаць, што на гэты час камбінацыя ўдалася. Украінцы махаюць рукамі і з раздражненьнем рэагуюць на простых людзей зь Беларусі і Арменіі. А хваткія гэшэфтмахеры задаволена паціраюць рукі.
Гэта ня першая эўрапейска-маскоўская здача беларускага і ўкраінскага народаў у Рызе. Дастаткова ўспомніць 1921 год. Прыкрая дыпламатычная падзея даказвае, што народы не павінны разьлічваць на чужую эўрападтрымку “у імя пашырэньня дэмакратыі”. На брусэльска-берлінскіх цынікаў ня трэба спадзявацца. Спадзявацца можна толькі на самых сябе, нацыянальную згуртаванасьць у барацьбе за вызваленьне і годнае жыцьцё, а таксама на салідарнасьць народаў Балта-Чарнаморскага рэгіёна. Менавіта гэта ёсьць асновай для прагрэсіўнага разьвіцьця Беларусі і яе суседзяў цяпер і ў будучыні.
Сяргей Камароўскі