Эўропа такога ня бачыла даўно. А можа й ніколі ня бачыла. Такое прынята ў асноўным у Афрыцы і ў Лацінскай Амэрыцы. Спрацоўвае посткаланіяльны сіндром. Напяльваючы на сябе ўніформы і знакі ўзору былых гаспадароў-каланізатараў, посткаланіяльныя нуворышы імкнуцца насьледваць іх і дэманструюць, што яны цяпер роўныя былым каланізатарам.
У афрыканскіх краінах усе спрэс ва ўніформах брытанскага і французкага вайсковага пакрою (паводле былой прыналежнасьці да адпаведнай імпэрыі). Чылійскі дыктатар генэрал Піначэт скапіраваў уніформы для арміі з гітлерскага вэрмахту, а маршыравала чылійская армія прускім крокам пад гістарычныя прускія маршы. Што праўда, ніхто з гэтых “касьцюмераў” аніразу не дадумаўся дэфіляваць у чорных мундзірах гестапа з адным пагонам альбо ва ўніформах імпэрскіх спэцслужбаў, якія катавалі і забівалі афрыканскіх змагароў за незалежнасьць і проста мірных жыхароў.
На афіцыёзным парадзе ў Менску 9 траўня начальства (у тым ліку і галоўны начальнік) стаяла на трыбуне ў савецкіх мундзірах зь невялічкімі дадаткамі прыналежнасьці да «РБ». А вось адзін стаяў сярод іх ва ўніформе НКВД ўзору 1943 года. І гэта быў ня проста акцёр арыгінальнага жанру, а (як аказалася) майстра пераўвасабленьня міністар унутраных справаў «РБ» тав. Шуневіч. Ніхто ня чуў пакуль, што кадры МУС Беларусі пераведзены на ўніформу НКВД СССР, таму людзі зьдзівіліся і пачалі задаваць пытаньні.
“Белрэдакцыя” Радыё Свабода запрасіла ў студыю двух экспэртаў, якія патлумачылі нам, у чым справа. Цытуем экспэрта адстаўнога генэрала міліцыі М. Грыба:
“Гэтая форма была ўведзеная ў 1943 годзе, падчас вайны. І таму міністар, мабыць, хацеў падкрэсьліць вялікую значнасьць для сябе гэтай перамогі”.
Другім экспэртам выступіў культуролаг С. Харэўскі: “Вядома, незвычайную форму міністра Шуневіча можна сьпісаць на карнавал і пасьмяяцца. Але звычайна такія „карнавалы“ адбываюцца падчас грамадзянскіх войнаў. І ад гэтага мне робіцца трывожна”.
Гэта прагучала больш уцямна, чым генэральскі камэнтар. Але потым культуролаг напалохаўся і пачаў спасылацца на “аўтарытэты”: “Ацэнку тут павінен даць галоўнакамандуючы”.
Крыніца: http://www.svaboda.org/content/navosta-ministar-sunievic-nadzieu-formu-kamisara-nkvd/27011875.html
Нагадаем, што “галоўнакамандуючым” ёсьць начальнік антыбеларускага рэжыму. І адбываўся не карнавал з фанэрнымі танкамі, а ўсё было на поўным сур’ёзе, з сапраўднай баявой тэхнікай, расейскімі войскамі, гуканьнямі ў стылі “мы ім пакажам!” і г.д. Ды й міністры ня могуць мяняць па сваёй прыхамаці ўніформы і шэўроны. Мы робім выснову, што так яно й было задумана, разам з “галоўнакамандуючым”. Прычым загад на “міністэрскі касьцюм” прышоў з Масквы. Крэмль у чарговы раз выкарыстоўвае нашу Беларусь як лабараторыю для сваіх экспэрымэнтаў. Вынікі экспэрымэнту аналізуюцца, а потым адпрацаванае рэалізуецца на прасторах Расеі. Што ж хацела апрабаваць Масква на міністры Рэспублікі Беларусь? Апрабоўваўся “мэсідж нашага часу” – а менавіта курс на палітыку КПСС-НКВД з усімі “асаблівасьцямі” такога курсу: масавымі рэпрэсіямі, ізаляцыяй ад цывілізаванага сьвету, таталітарызмам і г.д. Цяпер трэба чакаць, што ў Маскве і па ўсяе РФ начальства будзе фарсіць у мундзірах НКВД ды й рабіць тую ж справу.
Вось да чаго прыводзіць захаваньне у сучасным жыцьці савецкай сымволікі, чырвоных сьцягоў, помнікаў Леніну і бальшавікам, трызьненьне пра “это же наша історія!” Гэта заканчваецца рэанімацыяй чэкісцкіх трупаў і вяртаньнем у жудасную мінуўшчыну, зь якой камусьці не хацелася разьвітацца.
Сымон Рудзік