Травеньскі Сойм 2015 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
10 траўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту, – “Імпэрыя зла павінна быць разбурана”. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі.
Было зазначана, што ў імпэрскай Расеі адбываюцца таталітарныя па сутнасьці працэсы мілітарызацыі грамадзтва, беспрэцэдэнтныя па маштабах. 70-я ўгодкі заканчэньня ІІ Сусьветнай вайны ў Эўропе былі выкарыстаны Крамлём не дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў і герояў, а для напампоўваньня расейскага грамадзтва ідэямі вайны, агрэсіі, рэваншу і чалавеканенавісьніцтва. У наяўнасьці імклівы працэс дэгуманізацыі расейскага грамадзтва, што ёсьць вельмі небясьпечным для міру. Крэмль рыхтуе грамадзтва да вялікай вайны.
На жаль, усё гэта было сьведама паўторана васальным рэжымам унутранай акупацыі, які існуе ў Беларусі. Дарэмна людзі ў асноўным ня слухаюць выступы мясцовага кіраўніка гэтага рэжыму. У сваім нядаўнім “звароце да парляманту і народу” ён адкрыта заявіў, што “мы заўсёды будзем стаяць на баку Расеі” і “мы гатовыя паставіць пад ружжо 500 тысячаў чалавек”. Гэта ёсьць заявы і дзеяньні ў рэчышчы расейскай мілітарысцкай палітыкі. Кіраўніцтва рэжыму растлумачыла, што наш народ ёсьць закладнікам гэтай палітыкі і павінен стацца яе аб’ектам. 9-га траўня на вуліцах Менска дэфілявалі расейскія войскі — агрэсіўнай краіны, якая вядзе вайну. Акупацыйны рэжым у Менску засьведчыў адсутнасьць суверэнітэту краіны.
Пампезныя сьвяткаваньні выклікалі раздражненьне ў многіх беларусаў. Людзі разумеюць, што ў эканоміцы нарастае разбуральны крызіс, трэба рыхтавацца да сацыяльна-эканамічных цяжкасьцяў у кожнай сям’і. А рэжым кідае каласальныя грашовыя сродкі на фальшывую сьвяточную помпу, за якой губляецца сэнс сапраўднай памяці пра няшчасьці вайны, яе ахвяры і подзьвіг пераможцаў над фашызмам. Грамадзтва павінна аказаць салідарны супраціў спробам прамаскоўскага рэжыму падмануць беларусаў і кінуць наш народ у вір вайны супраць Украіны на баку крамлёўска-лубянскай Расеі. Беларусы не павінны паміраць за інтарэсы Масквы. Беларусы павінны абараніць ад маскоўскай агрэсіі сваю краіну, свой дом.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі, што паўсюль грамадзтва праігнаравала афіцыёзны прапагандысцкі чад. Нідзе людзі самы не чаплялі на сябе ні “георгіеўскія”, ні “чырвона-зялёныя” стужкі. Гэтыя штучныя знакі можна было ўбачыць толькі там, дзе гэта рабілася на загад начальства (напрыклад, стужкі мелі прадаўцы ў крамах). Людзі ня хочуць мець нічога агульнага з гэтай прапагандысцкай шуміхай. Гэта ёсьць тыповы для беларусаў спосаб пасіўнага супраціву фальшы.
Усё больш людзей разумеюць глыбіню эканамічнага крызісу. Прадпрыемствы пераходзяць на трохдзённы рэжым працы, прадукцыя не збываецца, склады завалены прадукцыяй, няма прыбыткаў. Сябры Сойму адзначылі таксама, што многія людзі даюць адэкватную ацэнку прамаскоўскаму рэжыму і яго псэўдаапазыцыі. Яны ўсьведамляюць, што за мясцовым рэжымам стаіць Масква, якая кіруе працэсамі разбурэньня Беларусі. І ў той жа час заўважаюць, што так званыя “незалежныя” СМІ і так званая “апазыцыя” працягваюць настойліва называць гэты рэжым “беларускім” і нават заклікаюць гуртавацца вакол іх у абароне незалежнасьці краіны. Людзей стаміла гэтая мана фальшывых дзеячаў. Ім няма грамадзкага даверу.
Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні партыйнай працы.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
10 траўня 2015 г.