Зянон Пазьняк: 29-Я ГАДАВІНА КАТАСТРОФЫ

28 апреля 2015 г.

Навіны

Мінула 29 гадоў з дня найстрашнейшай ў свеце атамнай катастрофы. 26 красавіка 1986 года ўзарваўся атамны рэактар Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі на мяжы Беларусі і Украіны. Больш за 70 адсоткаў радыёактыўных ападкаў выпала на Беларусь. Гэта выклікала жахлівыя наступствы для зямлі і народа Беларусі.

Станцыю на мяжы дзьвюх краін саветы разьмясьцілі невыпадкова. Будавалі па вельмі недасканалым праекце аўральным руска-савецкім мэтадам. Руская п’янь, якая абслугоўвала рэактар, давяла станцыю да аварыі і выбуху энэргаблока. За 29 гадоў ўжо загінулі і памерлі ад радыяцыі тысячы людзей у Беларусі і ва Украіне і прадаўжаюць паміраць. Гэта нішчэньне народа на сотні гадоў наперад.

Антыбеларускі рэжым таксама скарыстаў Чарнобыльскую катастрофу для вынішчэньня нацыі. Адменены законныя льготы ліквідатарам і дапамога людзям у радыяцыйнай зоне, адменена і перагледжана заканадаўства па Чарнобылю, якога дамаглася ў пачатку 90-х дэпутацкая Апазыцыя БНФ. Рэжым загадаў засяваць радыёактыўныя землі, зьбіраць ўраджай, атрыманыя забруджаныя прадукты зьмешваць з чыстымі і пускаць у спажываньне. Гэтым павялічваецца калектыўная нацыянальная доза радыяцыі і ўдар па здароўю беларускай нацыі.

Але так ня застанецца вечна. Беларусы перамогуць навалу і акупацыйную палітыку Масквы, Усё будзе вернута людзям: і законы, і зямля, і льготы пацярпелым, і здароўе, і свабода. Так будзе. Беларусь жыве і будзе жыць.

26 красавіка 2015 г. Зянон Пазьняк