Імпэрская Расея хоча прадэманстраваць сваю непавагу да народаў Эўропы. Група расейцаў, зьвязаная з КГБ і набліжаная да Пуціна, зьбіраецца праехаць на матацыклах праз Беларусь, Польшчу, Чэхію, Аўстрыю да Бэрліна з імпэрскімі лозунгамі і сьцягамі, сцьвярджаючы агрэсіўную палітыку Расеі і фальшывае савецкае разуменьне гісторыі.
Гэтыя людзі ўдзельнічалі ў акупацыі Крыма, ажыцьцяўлялі шпіёнскую дзейнасьць на Ўкраіне, тэракты і напады на ўкраінскіх патрыётаў. Яны вядомыя сваімі фашысцкімі выказваньнямі і нецярпімасьцю да народаў.
Матацыклетны прабег праз Беларусь згаданых асобаў — гэта ёсьць фашысцкая правакацыя супраць нашай краіны, якая пацярпела ад рускага і нямецкага фашызму ў гады 2-й Сусьветнай вайны. Гэта людзі, якія сеюць нянавісьць і зло. Яны не павінны ўязджаць у Беларусь і рухацца па нашых дарогах.
Калі правакацыю ня спыніць правячы ў Беларусі рэжым, то гэта павінна зрабіць грамадзкасьць нашай краіны. Падтрымліваем любую ініцыятыву грамадзкасьці па спыненьні расейскай правакацыі.
Фашызм ня пройдзе. Шавінізм не пралезе. Імпэрская Расея не праедзе.
19 красавіка 2015 г. Ініцыятыва “Беларуская Салідарнасьць”. Падтрымана Соймам КХП — БНФ.