Альтэрнатывай акупацыі ёсьць пагібель расейскай імпэрыі

20 апреля 2015 г.

Навіны

(Красавіцкі Сойм 2015 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

19 красавіка ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту, – “Пагроза агрэсіі”. З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту.

У краіне пашыраецца практыка пераходу вытворчасьці на “трохдзёнку”, а таксама звальненьня вялікай колькасьці працоўных. Асабліва на пэрыфэрыі многія тысячы адукаваных, прафэсійна вопытных, дастакова маладых і здаровых людзей, гатовых працаваць і здольных беларусаў апынуліся бяз працы, без пэрспэктывы, бяз будучыні. Людзі адчайваюцца, ня ведаюць як забясьпечыць свае сем’і. Прыходзіць да трагічнага выніку палітыка акупацыйнага лукашызму.

Альтэрнатывай гэтаму ёсьць нацыянальная, чалавечая салідарнасьць беларусаў, гатоўнасьць дапамагчы братам і сёстрам беларусам у цяжкі пэрыяд. Ёсьць прыклад посьпеху такой салідарнасьці. Масква мела распрацаваны план канчатковага зьнішчэньня малога бізнэсу ў Беларусі. Ужо 1 сакавіка сёлета ўсё павінна было быць “зачышчана” і ліквідавана. Але індывідуальныя прадпрымальнікі згуртаваліся, не пабаяліся рэпрэсій. Іх падтрымала нават рэжымная бюракратыя (якая корміцца з падаткаў). І аказалася, што згуртаваную групу эканамічна актыўных беларусаў немагчыма зрушыць зь яе пазыцый, пагрозы рэпрэсій не падзейнічалі. Сапраўды, гэтыя людзі абаранілі беларускі бізнэс, які прыносіў карысьць усяму народу. Праект Масквы праваліўся. Вось такі наш агульны нацыянальны інтэрас павінны мы – беларусы – знайсьці ў цяперашні час. А гэта ёсьць наша культура, дзяржава, мова, адукацыя, будучыня нашых дзяцей. Альтэрнатывай гэтаму ёсьць пагібель у расейскай імпэрыі.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі, што жыхары Берасьцейшчыны і Гомельшчыны, якія езьдзяць па прадукты ў суседнюю Украіну, ужо ня вераць маскоўскай тэлебрахні. Яны ўбачылі, што сапраўды ўкраінскі народ бароніць сваю дзяржаву і культуру. Яны распаўсюджваюць у Беларусі праўдзівую інфармацыю пра падзеі ва Украіне.

Ёсьць трывожныя зьвесьткі з Гомельшчыны, дзе назіраецца актыўнасьць акупанцкіх сілаў. З усяе Беларусі паступаюць зьвесткі пра дзеяньні рэжыму па ўладкоўваньні “бежанцаў з Украіны”. Нават у школах вывешваюцца заклікі аказаць гуманітарную дапамогу “сем’ям уцекачоў з Украіны”. Беларусы спачуваюць усім абяздоленым, але ўдакладняюць: а хто, адкуль і чаму ўцёк? Высьвятляецца, што гэтыя “уцекачы” уцяклі з Данбасу і іншых рэгіёнаў Украіны. Дарослыя мужчыны гэтых сем’яў атрымалі позвы з ваенкаматаў Арміі Украіны і адразу пачалі ўцякаць. Здольныя на думаньне беларусы адмаўляюцца аказваць гуманітарную дапамогу такі дзеячам. Больш таго, многія з гэтых уцекачоў зьяўляюцца службовымі асобамі Украіны, якія падчас драматычных падзеяў у Данбасе не выканалі свій службовы абавязак па абароне Украіны. Вось кім напаўняецца Беларусь.

Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні партыйнай працы.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 19 красавіка 2015 г.