Хочуць быць «сумесна» з рэжымым

26 марта 2015 г.

Навіны

20 сакавіка “дэмСМІ РБ” паведамілі пра ўтварэньне “народнага апалчэньня” у Гомелі. Без непаўторнай АГП (генсек лукашыст-антылукашыст А. Лебедько) тут, зразумела, не абышлося. Два вядучых лакальных дзеячы АГП Ул. Кацора і В. Палякоў выступілі ў амплуа апалчэнцаў. Героі дня паслалі ў Гомельскі аблвыканкам свой заклік-зварот-прапанову. Яны былі заўважылі публікацыі ў расейскім Сеціве пра будучыя Віцебскую, Магілеўскую і Гомельскую Народныя Рэспублікі. Далей цытуем іхні зварот-прапанову і тлумачэньні “дэмСМІ”:

“Падзеі ва Ўкраіне паказваюць, што спачатку зьяўляюцца дзіўныя разважаньні ў другарадных выданьнях наконт прэтэнзіяў на тую ці іншую тэрыторыю, а потым туды прыяжджаюць „зялёныя чалавечкі“ і пад рулямі аўтаматаў ладзяць так званыя рэфэрэндумы пра самавызначэньне. Таму для ўладаў Беларусі, у тым ліку і мясцовых, вельмі важна захаваць адзінства краіны, і пра гэта трэба гаварыць публічна, акрэсьліваць сваю пазыцыю, а не маўчаць, як у рот вады набраўшы”, — кажа Васіль Палякоў. Аўтары звароту прапануюць кіраўніцтву вобласьці правесьці сумесныя мірныя сходы ў падтрымку цэласнасьці і непадзельнасьці тэрыторыі Беларусі, арганізатарамі якіх змогуць выступіць дзяржаўныя органы і палітычныя партыі”.

Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/26911395.html

Насельніцтва Гомельшчыны даўно заўважыла, што мясцовыя “агульныя дэмакраты” – даволі інфантыльная публіка (некаторыя, аднак, лічаць, што гэта яны толькі прыкідваюцца такімі). Нягледзячы на гэта (а можа дзякуючы гэтаму) гэтыя пэрсанажы надзейна ўключаныя ў грантаўскую схему, якая існуе ўжо чвэрць стагоддзя. Мы згодныя з гамельчукамі і бярэмся патлумачыць тут некалькі відавочных палажэньняў “інфантыльным”.

“Падзеі ва Украіне паказваюць”… Што ж яны паказалі? А вось што. Спачатку ва Украіне зьявіліся не “дзіўныя разважаньні”, а антыўкраінскі, акупанцкі па сутнасьці януковіцкі рэжым, які заняўся зьнішчэньнем Украіны як нацыі і дзяржавы. Украінцы паўсталі супраць гэтага рэжыму і ліквідавалі яго, Януковіч і януковічаўцы ўцяклі ў Маскву. Пасьля гэтага народ абраў нацыянальную ўладу і пачаў тытанічнае змаганьне супраць маскоўскай інвазіі, яе арміі, казакоў, бандытаў і рэфэрэндумаў. Усё адбывалася менавіта ў такім парадку.

А героі АГП прапануюць наступны парадак. Па факце ў Беларусі існуе антыбеларускі, акупацыйны па сутнасьці лукашыстоўскі рэжым, які заняты зьнішчэньнем Беларусі як нацыі і дзяржавы. Начальства гэтага рэжыму (у тым ліку і гомельскае) служыць Маскве і яе інтарэсам. І вось жа героі АГП заклікаюць гэтае начальства “захаваць адзінства краіны” і “правесьці сумесныя мірныя сходы”. І супраць каго ж тыя «сумесныя» з антыбеларускай уладай сходы? Супраць плявузганьня журналісцкіх троляў у маргінальным рускім сеціве. Цікавая прапанова з дэмакратычнай пясочніцы.

І ўсё ж мы мяркуем, што легендарны “інфантылізм” тут ні пры чым. Проста псэўдаапазыцыйныя дзеячыкі і структуркі ўсьлед за Мілінкевічам і іншымі разгортваюць сваю чарговую кампанію абалваньваньня і дэзарыентацыі нашага грамадзтва. Такі загад яны атрымалі ад сваіх грантадаўцаў. А йшчэ й на выбары пацягнуцца «сумесна» з рэжымым. Вось такое яно гэтакае.

Сымон Рудзік