ВЯЛІКАЕ БЕЛАРУСКАЕ СЬВЯТА

23 марта 2015 г.

Навіны

Дарагі сябра! Віншуем цябе з 97-й гадавінай аб’яўленьня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) – з Днём, які называецца Днём Волі і Незалежнасьці БНР.

Беларуская Народная Рэспубліка была ўтворана 9 сакавіка 1918 года ў вельмі цяжкіх умовах Першай Сусьветнай вайны і нямецкай акупацыі. Немцы не падтрымлівалі незалежнасьці Беларусі і салідарызаваліся супраць Беларусі разам з расейцамі, зь якімі падпісалі мірную дамову ў Берасьці і падзялілі Беларусь на зоны акупацыі.

У адказ на дзеяньні немцаў і расейцаў беларусы 25 Сакавіка 1918 года аб’явілі Незалежнасьць БНР. Вось гэтую вялікую гістарычную дату, 25 Сакавіка, мы, вольныя беларусы, сьвяткуем як нацыянальнае сьвята.

У канцы 1918 года Беларусь акупавалі расейскія бальшавікі і, насуперак незалежнай БНР, скарыстаўшы беларускіх сацыялістаў, стварылі БССР са сталіцай у знакамітым беларускім Смаленску. Але потым рускія захапілі Смаленск, а ўрад БССР пераехаў у Менск.

Пры савецкай акупацыі нават успамінаньне пра БНР было забаронена. **Але беларускія патрыёты (і найперш – Беларускі Народны Фронт) вярнулі памяць і пашану БНР. 25 Жніўня 1991 года яны, пры падтрымцы ўсяго беларускага грамадзтва, дамагліся Незалежнасьці Беларусі і стварылі незалежную Рэспубліку Беларусь. **

Беларускі нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг Волі, падняты 25-га Сакавіка 1918 года, быў падхоплены 25-га Жніўня 1991 года і ўзьняты высока над нашай незалежнай Айчынай.

25 Сакавіка 1918 года – гэта пачатак нашай народнай свабоды і ідэі дзяржаўнай незалежнасьці. Памятайма і шануйма Дзень 25-га Сакавіка – Дзень Волі і гістарычнае сьвята беларускага народа.

Сакавік 2015 год Ініцыятыва “Беларуская Салідарнасьць”

Паважаныя сябры, гэты тэкст улёткі прапануецца для распаўсюджваньня. Павіншуйце са сьвятам беларусаў у сваім асяродку.. Вось тэкст для раздрукоўкі: vbs.pdf