БЕЛАРУСЬ – ЗА УКРАІНУ! ПРЭЧ ВАЙНУ!

10 марта 2015 г.

Навіны

8 сакавіка ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту, – “Да пытаньня пра фашызм”. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту, і сп. Сяргей Папкоў, нам. старшыні Партыі і Фронту. Выступоўцы распавялі аб паглыбленьні сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу ў Расеі. На жаль, усе разбуральныя працэсы ў суседняй дзяржаве адразу ж адбіваюцца на Беларусі. Гэта ёсьць вынік антынацыянальнай палітыкі рэжыма каланіяльнай адміністрацыі і ўнутранай акупацыі, які больш за 20 гадоў існуе ў нашай краіне. Беларусы горка жартуюць: “У нас разам з Расеяй абвальваецца рубель, а ў Летуве ўводзяць эўра…”

Але найбольшай небясьпекай для нашай нацыі ёсьць план Масквы па ўцягваньню Беларускай арміі ў вайну супраць Украіны і выкарыстаньне нашай тэрыторыі ў якасьці плацдарма для нашэсьця на братні ўкраінскі народ. Беларускія патрыёты павінны прыкладаць вялікія намаганьні, каб давесьці праўду аб гэтых працэсах і аб небясьпецы вайны да ўсяго нашага народу. Вядома, што ў Расеі пасьля цяжкіх страт расейскай арміі і наёмнікаў у баях ва Украіне значна ўпаў узровень “мілітарыстычнага ачмурэньня”. У Масквы ўзьнікае праблема з адпраўкай у бой новых падраздзяленьняў. Таму ўсё больш рэальнай становіцца пагроза таго, што імпэрыя заткне свае пашкуматаныя шыхты беларускімі вайскоўцамі. Гэтага нельга дапусьціць. Неабходна тлумачыць людзям, каб ня йшлі на гэтую вайну, каб сем’і не пускалі на вайну сваіх мужчын. І калі нават беларусы гвалтам або падманам будуць накіраваныя на гэтую вайну, каб яны здаваліся Украінскай арміі і пераходзілі на бок украінцаў. Трэба бегчы да ўкраінцаў з гуканьнем “Слава Украіне! Мы беларусы!” Самае галоўнае для ўсіх беларусаў цяпер – захаваньне міру на нашай зямлі. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра вялікую колькасьць рэзэрвістаў, якіх выклікаюць у ваенкаматы і пасылаюць на вайсковую перападрыхтоўку. Сем’і хвалююца, што мужчын могуць кінуць у вір вайны, на Украіну. Людзі зразумелі пагрозу вайны. У некаторыя беларускія гарады і мястэчкі вяртаюцца грамадзяне, якія падаліся былі на Данбас “зарабіць грошай на вайне” на баку ворагаў Украіны. Некаторыя зь іх атрымалі цяжкія раненьні і сталі інвалідамі.

Сябры распавялі таксама пра спробы рэжыму (а за ім і Масквы) прамацаць грамадзкую думку ў цяперашняй крытычнай сытуацыі. Па дамах і кватэрах грамадзян ходзяць групы службоўцаў зь мясцовых ворганаў улады і праводзяць “анкетаваньне”. Сярод шэрагу пытаньняў ёсьць такія: “Как вы относитесь к Лукашенко?”, “Пойдёте ли вы на выборы?” Кур’ёзна, што вельмі часта гэтыя апытаньні праводзяць асобы, што нават не разумеюць па-беларуску (яны прыехалі ў Беларусь жыць і рабіць бюракратычную кар’еру з Сібіры, Урала, Прымор’я). Грамадзяне павінны ведаць, што гэтых “русскоязычных апытальшчыкаў” можна выдаляць з свайго жытла і не адказваць ім.

Стала вядома таксама, што апошнім часам шмат беларусаў загінулі або прапалі бязь вестак у Расеі, дзе яны працавалі “гаст-арбайтэрамі”. Неабходна, каб сем’і нашых работнікаў заклікалі іх вяртацца ў Беларусь з Расеі, дзе сістэмны крызіс імпэрыі ўваходзіць у апошнюю стадыю – калапс.

Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні партыйнай працы.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 8 сакавіка 2015 г.