СМІ паведамілі, што 16 лютага ў Менску адбыўся “эканамічны Форум прадпрымальнікаў”. 1200 удзельнікаў мерапрыемства зьвярнуліся да Лукашэнкі з прапановай правесьці “першы агульнабеларускі зьезд прадпрымальнікаў”. Цытуем згаданы зварот:
“Съезд должен стать основой для открытого и честного диалога и выработки однозначных критериев развития национального бизнеса”.
Тут прыгадаем 1988-90 гады, час станаўленьня структураў беларускіх прадпрымальнікаў. Патрыёты-фронтаўцы спрабавалі давесьці эканамічна актыўным людзям, што трэба рабіць супольную справу – адраджаць Беларусь. На гэта некаторыя з эканамічна актыўных імпэтна гукалі: “Мы торгаші! Нам всё равно, какая власть! Экономіка не завісіт от політікі…” Панаваньне лукашызма і маскоўскага акупанцтва стала пэрыядам ліквідацыі беларускай мовы і культуры, а таксама разбурэньня эканомікі і бізнэсу. Акупанцкі рэжым завяршае адно з сваіх прыярытэтных заданьняў – недапушчэньне стварэньня ў Беларусі нацыянальнага сярэдняга класу, каб не было заможных і эканамічна самастойных беларусаў. А ўсё пачыналася з мовы і нацыянальнай сымволікі.
На жаль, падобна, што прадпрымальнікі і за 20 гадоў гэтага не зразумелі. Таму яны зьвяртаюцца з заклікам пра “разьвіцьцё нацыянальнага бізнэсу” да зьнішчальніка ўсяго нацыянальнага. Мяркуем, што гэтую “канцэпцыю” ім падсунулі засланыя казачкі ад рэжыму. Нічога з гэтага, зразумела, ня выйдзе.
Нацыянальны бізнэс будзе толькі ў незалежнай, дэмакратычнай, нацыянальнай Беларусі – без лукашызма і маскоўскага акупанцтва. Дзеля рэалізацыі гэтай ідэі ўсе беларусы павінны працаваць разам і падтрымліваць адзін аднога.
Сяргей Камароўскі