Акт сцэнічнай драматызацыі

26 февраля 2015 г.

Навіны

У сувязі з расейскімі цяжкасьцямі ва Украіне (вялікія страты расейскай арміі) і ў самой Расеі (паглыбленьне эканамічнага крызісу) Крэмль-Лубянка вывелі на сацыяльную сцэну адразу двух акцёраў – братоў Навальных. Раптам пракуратура РФ запатрабавала зрабіць ім больш жорсткія прысуды – да 10 і 8 гадоў турмы. Ніякіх прычын для такой дэманстрацыі сілы і жорсткасьці ўладаў, здаецца, не было. Ах так, днямі адзін з Навальных (той, што пад хатнім арыштам) выйшаў на вуліцу і наведаў мэтро ў Маскве. Там ён пазіраваў для рэпарцёраў і пэўны час раздаваў улёткі грамадзянам. Паліцыя затрымала яго і завезла назад дахаты. Вось і ўсё з “дзяржаўным злачынцам № 1”. І вось такія рэпрэсіі. Пра гэта паведамляюць СМІ ўсяго сьвету, ведае ўсё расейскае грамадзтва. Пасыпаліся фотакампазыцыі, на якіх браты Навальныя стаяць у рашучай позе напару на фоне турэмных кратаў. Пра іх пакрыху пачалі забывацца, больш пісалі пра ўвязьненую ў Маскве ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанку. Цяпер пра іх успомнілі.

Але ня толькі гэта. У наяўнасьці рэжысёрскі прыём драматызацыі мізансцэны. “Герояў-пакутнікаў” ужо двое, а не адзін. Яны – гэта сучасныя браты Гракхі з рымскай гісторыі, браты Сэн-Жусты зь якабінскага Парыжу, пералік аналагаў можна працягваць. Цяпер трэба чакаць, што скажуць гэтыя маскоўскія “Кірыл і Мяфодзі” маскоўскай апазыцыі. А яны нічога й ня кажуць, камэнтаў збольшага не даюць. У іх у прынцыпе маўклівая сцэна “прадстаяньня”, “пазіраваньня”. Многія ўжо заўважылі, што гэтымі пустышкамі хватка маніпулююць лялечнікі з-за кулісаў. Цяпер будзе пра што і каго пагаварыць камэнтатарам і спэцам.

Раней адпрацоўваліся мізансцэны з удзелам жонак і часам дзяцей такіх кіруемых фігурак. Цяпер вырашылі надаць “мужнасьці”, “духу братэрства” у штучную кампазыцыю.

Здавалася б, а нам што? Усё гэта круціцца ў Маскве. Ды толькі мы памятаем, як і ў Маскве і ў Менску адпрацоўваліся аднолькавыя тэатральна-апазыцыйныя мізансцэны. Былі пары Чыгір – мадам Чыгір, Саннікаў – мадам Халіп. Трэба чакаць, што пад драматызацыю становішча ў Беларусі “тэатралы ў цывільным” знойдуць для публікі мясцовых “братоў-гракхаў” ды “тарапуняк-штэпселяў”. Абы запоўніць інфармпрастору і завесьці беларусаў у чарговы псэўдаапазыцыйны тупік.

Павел Гулевіч