Пачынаецца разгром турбізнэса

26 февраля 2015 г.

Навіны

За амаль чвэрць стагоддзя пасьля развалу СССР і аднаўленьня незалежнасьці Беларусі многія жыхары нашай краіны прызвычаяліся, як да дыханьня паветрам, карыстацца свабодай падарожжаў замяжу. Нарадзілася і стала самастойным цэлае пакаленьне нашага грамадзтва, якое зусім ня памятае савецка-акупанцкай ізаляцыі і лічыць, што ліквідацыя ізаляцыі адбылася “сама сабой”. Вельмі многім здавалася, што турыстычны статус кво будзе вечным. І вось антыбеларускі рэжым пачаў сваю чарговую антыграмадзкую рэформу. З 1 сакавіка сёлета турбізнэсу будзе забаронена выкарыстоўваць замежную валюту ў разьліках з кліентамі. Ня трэба быць эканамістам, каб зразумець, што такім чынам наносіцца сакрушальны ўдар па беларускім турбізнэсе.

Але паўстае пытаньне: а ці быў ён (гэты бізнэс) беларускім? Ня будзем доўга спыняцца на самых дзікіх формах турбізнэса РБ. Бывалі выпадкі, калі турфірмы завозілі кліентаў у чужую краіну і выкідвалі іх проста ў поле, а самы тым часам зьнікалі. Былі жульніцкія канторы, якія казалі кліетам, што за аплату накіроўваюць дзяцей на аздараўленьне ў Іспанію ў іспанскія сем’і, а потым раствараліся ў паветры з сабранымі немалымі сумамі грошай. Дарэчы, жулікі вельмі часта выклікалі давер наіўных грамадзянаў самахарактарыстыкай: “Мы, товарищи, работаем от костёла…” Постсавецкія людзі не маглі здагадацца, што Касьцёл не займаецца такім носэнсам, як “дабрачыннасьць за грошы”, і радасна давалі свае даляры прайдзісьветам. Але гэта ўсё з разраду эксцэсаў.

У асноўным “турбізнэс РБ” – гэта статыстычна роўная практыка. Не закранаючы бухгалтарскія і рэкламныя пытаньні, пяройдзем адразу да інтэлектуальнага ўзроўню гэтай практыкі. Ну, па-першае, увесь гэты “турбізнэс” выконваўся выключна на акупанцкай імпэрскай мове. У цэлым у яго прыватных структурах сабраліся амаль выключна выпадковыя людзі, а таксама іхнія сваякі, сябры, знаёмыя, “нужные люді” і падобнае. Экскурсаводамі па чужых краінах выступалі амаль у 100% выпадкаў абсалютныя прафаны і так званыя «асобы бяз комплексаў». І вось пасьля перакрочваньня, напрыклад, польскай мяжы, кліенты чулі па гучнай сувязі: “Мы начінаем нашу экскурсію. Польша – молодая страна…” У такіх выпадках невядома было, ці плакаць, ці сьмяяцца. А бальшыня прысутных постсавецкіх грамадзянаў спакойна заглынала гэтую лухту. Калі гора-спэцы зачытвалі свае пасылы з паперкі, то часам бывала яшчэ горш. Бачна было, што паперкі распрацоўвалі нейкія камісары ад гэбэ. Ва Украіне вам зачытвалі пра “бендеровцев” і г.д. А ў Бухарэсьце сьлёзна распавядалі, што “эті румыны ні за что убілі доброго дедушку Чаушеску”. Часам здавалася, што турфірмы проста спаборнічаюць між сабой за лідэрства ў жлобстве і непісьменнасьці, у майстэрстве абалваньваньня людзей дэзынфармацыяй і лухтой. Нават тыя “экскурсаводы”, якія гадамі вазілі кліентаў у адну і тую ж краіну, не парупіліся за гэтыя гады што-небудзь дадаткова прачытаць і засвоіць пра культуру і гісторыю гэтай краіны. Глядзеліся яны нейкімі маральна састарэлымі біяробатамі, якія адпрацоўваюць адну і тую ж праграму. Здараліся нават такія кадры, якія з цяжкасьцю зачытвалі нешта з аркуша. Калі ў “экскурсаводаў” пыталіся, ці ведаюць яны мову той краіны, яны шчыра зьдзіўляліся: “А зачем?!”

“Беларусы і сьвет” – гэтая тэма проста не існавала ў “турбізнэсе РБ”. У Італіі яны не маглі нічога сказаць пра бітву за Монтэ-Касіна, у Празе пра Скарыну, у Румыніі пра стварэньне беларускай арміі ў 1917 годзе і г.д. Цікава было параўнаць гэтае няшчасьце з працай экскурсаводаў, якія апыналіся з сваімі групамі побач з намі. Напрыклад, летувісы, румыны, палякі ніколі не забываюцца пра сваё ў чужых гарадах і музэях. У асноўным працуюць з турыстамі людзі творчыя і адукаваныя. Такіх недаразьвітых і зрусіфікаваных “турбізнэсоўцаў” мы ня бачылі больш ні ў воднай краіне. Для іх беларушчына, наша гісторыя і культура (ды й гісторыя і культура наогул) былі бясконца чужымі.

Яно канешне цяпер стане больш складаным для беларусаў займацца міжнародным турызмам. Ды многім і не да гэтага, пражыць бы да зарплаты. І ўсё ж, па шчырасьці сказаць, неяк няма пачуцьця шкадаваньня, што зьнікне вялікая колькасьць кантор і канторак, якія працавалі пад пірацкім сьцягам “турбізнэса РБ”.

Валеры Буйвал