Папраўкі ад нячысьціка

10 февраля 2015 г.

Навіны

Зь 1 лютага ўступілі ў сілу папраўкі да закону РБ “Аб ваенным становішчы”. Многія СМІ сьвету (нават тыя, што зарэкамэндавалі сябе як дэмакратычныя і адэкватныя) весела зашумелі: “Афіцыйны Менск улічыў досьвед з Крымам! Цяпер, як толькі на тэрыторыі Беларусі зьявяцца “зялёныя чалавечкі” улады ўвядуць ваеннае становішча…” Пацеклі плыні разважаньняў-тэарэтызаваньняў (нават у СМІ Украіны!) наконт таго, як Лукашэнка і ягоныя сябры будуць бараніць сувэрэнітэт Беларусі і не дапускаць агрэсію. Аказалася, што тэарэтыкаў вельмі лёгка зьбіць з панталыку. Ім, аказваецца, цяжка даказаць, што рэжым унутранай маскоўскай акупацыі Беларусі (лукашызм) існуе не для таго, каб бараніць сувэрэнітэт, а якраз наадварот.

Безьліч беларускіх грамадзян ужо бачылі ў сваіх гарадах і паселішчах “зялёных чалавечкаў” у вайсковых уніформах, без апазнавальных знакаў, але з «рюскай» разанскай і кастрамской расейшчынай. І нічога, ніхто пакуль ніякага становішча ня ўводзіў. Беларусы ўжо здагадваюцца, што ўвядзеньне ваеннага становішча з адпаведнымі вынікамі гэтага акту (забаронамі, арыштамі, карткавай сістэмай і г.д.) можа адбыцца ў двух выпадках, якія ня маюць ніякіх адносінаў да “абароны сувэрэнітэту”. Першае, гэта загад з Масквы на накіраваньне Беларускай арміі ў атаку на Украіну. Другое, гэта эканамічна-фінансавы крах прамаскоўскага рэжыму і яго спроба выратаваць сябе ад дэмантажу народнымі масамі. Усё астатняе – ад нячысьціка…

Павел Гулевіч